У гарадзенскай міліцыі фатографу Аляксандру Саенку патлумачылі, што ў дачыненьні да яго распачатая адміністрацыйная справа за фотарэпартаж з Сапоцкіна, з музэю калядных яек, зьмешчаны на сайце «Белсату». Маўляў, журналіст ня мае акрэдытацыі.
«На маю думку, справа папросту высмактаная з пальца. Магчыма, там і былі мае здымкі, але я адмовіўся адказваць на пытаньні. Гэта выглядае вельмі дзіўна, калі за два здымкі на цябе складаюць пратакол».
Аляксандар Саенка адмовіўся адказваць на пытаньні міліцыянтаў пры складаньні пратаколу. Паводле фатографа, яму пакуль не патлумачылі, ці будзе пратакол перададзены ў суд.
Некалькі тыдняў таму ў Горадні быў асуджаны Павал Мажэйка, якога зьвінавацілі ў працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Мажэйка атрымаў штраф у памеры 23 базавых велічынь, што складае 529 рублёў.