Супраць былога ўладальніка «Мотавела», якога пасадзілі на 11 гадоў, завялі новую справу

Аляксандар Мураўёў

Менскае ўпраўленьне Сьледчага камітэту распачало новую крымінальную справу супраць бізнэсоўца Аляксандра Мураўёва: яго падазраюць ва ўхіленьні ад падаткаў (арт. 243 КК РБ), паведаміла Tut.by прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.

Паводле зьвестак СК, Мураўёў «спрыяў ухіленьню ад сплаты падаткаў чатыром субʼектам гаспадараньня, якія займаліся пастаўкамі на „Мотавела“».

Сума шкоды склала, паводле СК, ня менш за 350 тысяч рублёў, але яна часткова кампэнсаваная. Ці з ранейшых канфіскацыяў, ці канфіскавалі нешта новае — не паведамляецца.

На пачатку 2017 году Мураўёва пасадзілі на 11 гадоў за нявыплату падаткаў, крадзеж акцыяў і махлярства: у судзе высьветлілі, што грашовыя сродкі ў суме 20 мільёнаў даляраў у 2007–2012 гадах сапраўды залічаліся на рахункі «Мотавела», але ў наступныя некалькі дзён гэтыя грошы пераводзіліся на іншыя фірмы, падпарадкаваныя абвінавачанаму Мураўёву. Суд адабраў у яго на карысьць дзяржавы акцыі «Мотавела», якія належалі аўстрыйскаму інвэстару. Завод задумалі перанесьці ў кітайскі тэхнапарк, але ад яго ўжо мала што засталося.

Апошняе слова Мураўёва было рэкордным па працягласьці: больш за 8 гадзін, 210 заўваг пракурору. Паводле Мураўёва, падчас сьледзтва яго зьбівалі і ня толькі патрабавалі прызнаць віну, але і дамагаліся, каб ён сплаціў дзяржаве некалькі мільёнаў даляраў на пакрыцьцё стратаў, якіх, як ён лічыць, не наносіў. Між тым, паводле падсуднага, дагэтуль у справе незаконна арыштавана маёмасьці на 120 мільёнаў даляраў — гэта і асабістая маёмасьць Мураўёва, і акцыі ды маёмасьць заводу «Мотавела».

Таксама судзілі брата бізнэсоўца — Сяргея Мураўёва, які кіраваў кампаніяй «РосинтехГрупп». За нясплату падаткаў яму прысудзілі абмежаваньне волі на 2 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Віну ён прызнаў.