Як адбывалася нацыяналізацыя жыльля з прыходам бальшавікоў у Заходнюю Беларусь у 1939 годзе? Баранавіцкі дасьледнік архіваў Аляксандар Татаранка сьцьвярджае, што гэта адна зь цёмных і недасьледаваных старонак гісторыі Беларусі.
Дасьледуючы архівы, Аляксандар Татаранка выявіў, што тысячы людзей былі выселеныя з кватэр у заходнебеларускіх гарадах з прыходам савецкай улады ў 1939 годзе. Высяляючы мясцовых жыхароў са свайго жыльля, бальшавікі забясьпечвалі кватэрамі прыежджых кіраўнікоў новай, савецкай улады.
Аляксандар Татаранка рыхтуе да выданьня сваю кнігу пра злачынствы савецкай улады «Запрашаем у пекла 1944-1954 гадоў», у якой робіць выснову, што савецкі пэрыяд гісторыі Беларусі быў акупацыйным.
Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з дасьледнікам, які ў сваім новым артыкуле на падставе прыкладаў колішняй Баранавіцкай вобласьці высьвятляе маштабы высяленьняў жыхароў з уласнага жыльля.
Пацярпелых былі тысячы
— Аляксандар, пытаньне высяленьня жыхароў Заходняй Беларусі з прыходам савецкай улады сапраўды ня самае агучанае ў цяперашняй гістарычнай навуцы. Чаму вас зацікавіла гэтая праблема?
— Падчас працы ў архівах мяне ўразілі маштабы гэтай зьявы. Высяляць з кватэр сталі адразу пасьля прыходу сюды савецкай улады, ужо ў верасьні 1939 году. Візытоўкай выканкамаў таго часу сталі сотні скалечаных лёсаў жыхароў, якіх чыноўнікі выкінулі на вуліцу. Толькі ў адзін дзень, 17 сьнежня 1940 году, армію бяздомных Баранавіцкай вобласьці папоўнілі 770 домаўладальнікаў. А да лета 1941 году абласны фонд жыльля (фактычна — жыльлё для сталінскай намэнклятуры) налічваў 2635 кватэр.
Выбарачны аналіз 167 пастаноў Баранавіцкага аблвыканкаму аб нацыяналізацыі (муніцыпалізацыі) вызначае 3782 пацярпелых. Аналіз 150 заяваў і скаргаў на адмену нацыяналізацыі — яшчэ 350. Калі закранаць нацыянальны чыньнік, то ў першым выпадку габрэі складалі 3658 чалавек, палякі — 151, беларусы — 28, расейцы — 2, татары — 13.
Нацыяналізацыя жыльля адбывалася ў такіх маштабах, што ў ліпені 1940 году дзеля гэтага быў утвораны адмысловы орган — камісія пры аблвыканкаме.
Найбольш пацярпелі габрэі
— Ці азначае гэта, што найперш ад савецкай нацыяналізацыі пацярпелі габрэі?
—Так, пераважна гэта былі заможныя габрэйскія сем’і. Габрэі да вайны былі асноўнымі насельнікамі многіх гарадоў і мястэчак. Трэба адзначыць, што такія маштабныя высяленьні людзей паводле нацыянальнай і сацыяльнай прыкметы ў сьціслы тэрмін плянава не ажыцьцяўляліся ні ў адной краіне сьвету, апроч нацысцкай Нямеччыны. І, дарэчы, меней чым праз год былыя саюзьнікі Сталіна, нацысты, пайшлі па апрабаваным шляху — яны засяліліся ў дамы і кватэры, нацыяналізаваныя бальшавікамі ў 1939–1941 гадах.
Цікава, што падчас высяленьня бальшавікам аказаліся не патрэбныя іх учорашнія памочнікі — тыя, хто восеньню 1939 году садзейнічаў прыходу савецкіх танкаў, а потым верна служыў савецкай уладзе. Вось што пра гэта піша ў сваёй кнізе «Шляхамі майго лёсу» Юліян Рафес, бацька якога, Ісак Рафес, зьяўляўся кіраўніком часовай управы Ляхавічаў:
«Тату выклікалі да першага сакратара райкаму партыі і настойліва папрасілі вызваліць нашу кватэру, таму што ў ёй павінен жыць ён — кіраўнік адміністрацыі гораду, першы сакратар райкаму».
Трэба адзначыць, што габрэі былі тут ня толькі з пацярпелага боку, але шмат іх было сярод тагачасных прадстаўнікоў улады.
Нарабаванае ішло намэнклятуры
— Напэўна ж, у тых, каго высялялі, забіралі ня толькі кватэры, але і іншую маёмасьць?
—Так, менавіта. Канфіскоўвалі і розную маёмасьць — каштоўнасьці, мэблю, прадукты. У райцэнтрах, дзе праводзілася нацыяналізацыя, стваралі склады, куды гэта трапляла. Гэтыя склады замацоўваліся за старшынямі раённых спажывецкіх саюзаў. Але на справе шмат з гэтай маёмасьці папросту разьмяркоўвалася паміж партыйнымі і савецкімі чыноўнікамі, пра што сьведчаць дакумэнты. Напрыклад, пра тое, што ў Дзятлаўскім раёне «мука, крупы, цукар, кандытарскія вырабы і іншае дастаўляліся на дом работнікам райвыканкамаў». Або што ў Жалудоцкім раёне «мясцовае кіраўніцтва маёмасьць дзяліла паміж сабой».
Канфіскаваныя залатыя ці зь іншых каштоўных мэталаў вырабы вывозіліся ў Маскву. Хоць даходзіла туды далёка ня ўсё, шмат раскрадалася. Зь Менску нават дасылаліся адпаведныя камісіі для разбору.
— Ці маглі нейкім чынам людзі апратэстоўваць сваё высяленьне?
— Многія пісалі скаргі, аднак усе гэтыя скаргі заставаліся без задавальненьня. З дакумэнту Баранавіцкага аблвыканкаму лютага 1940 году відаць, што больш як 300 заяў аб няправільнай канфіскацыі, накіраваных у райвыканкамы і аблвыканкам, не былі разгледжаныя.
Сем’і, выкінутыя на вуліцу, станоўчых адказаў на свае заявы не атрымлівалі. У адказах меліся канстатацыі, што рашэньне аб нацыяналізацыі іхнага жыльля вынесенае правільна. Было, праўда, некалькі выпадкаў, калі ўладальнікам вярталі дом ці кватэру «у спрошчаным выглядзе». Так, жыхар Баранавічаў Брэгман змог атрымаць пакой у доме, які раней яму належаў.
Былых уласьнікаў расстрэльвалі і ссылалі
— Нацыяналізацыя жыльля — гэта форма рэпрэсій?
— Безумоўна. Нацыяналізацыя зьяўлялася формай рэпрэсій, скіраваных на забесьпячэньне савецкіх чыноўнікаў жыльлём, на ліквідацыю найбольш заможнай часткі насельніцтва.
— А які лёс напаткаў тых людзей, жыльлё якіх адабралі? Яны змушаныя былі бадзяцца ці іх увогуле саслалі ў лягеры?
— Частку накіравалі ў лягеры. Вядома, што ўсяго ў савецкіх лягерах, згодна з рапартам аднаго з афіцэраў НКВД, датаваным красавіком 1941 году, знаходзілася каля 60 тысяч беларускіх габрэяў. Найбольш заможных і ўплывовых зь іх расстралялі. Але пра маштабы гэтага трэба казаць пакуль асьцярожна, бо патрабуецца праца ў архіве — трэба дасьледаваць акты дзяржаўнай камісіі 1944-1954 гадоў у кожным раёне. Бо вельмі цікава, што ў 1944 годзе, напрыклад, у Новай Мышы, згодна са зьвесткамі гэтай камісіі, расстраляна немцамі 40 габрэяў, а потым штогод іхная колькасьць расла. Зразумела, што такім чынам пасьля вайны саветы «сьпісалі» расстраляных у 1939-1941 гадах габрэяў на нацыстаў.
— Цяпер пытаньне вяртаньня (або кампэнсацыі) адабранага ў 1939-1941 гадах жытла не стаіць, таму што амаль няма тых уладальнікаў. Многія габрэі загінулі ў часе нямецкай акупацыі, многія зьехалі ў Ізраіль. Якім чынам вы бачыце сёньня неабходнасьць разьвязаньня гэтай праблемы?
— Сапраўды, большасьць уладальнікаў былі габрэямі. Але тут адным зь нявысьветленых бакоў нацыяналізацыі зьяўляецца лёс каштоўнасьцяў, нарабаваных у гаспадароў. На мой погляд, варта было стварыць камісію, якая б дасьледавала гісторыю нацыяналізацыі. А потым было б лягічным ставіць пытаньне да Расеі як пераемніцы СССР пра выплату кампэнсацыі пацярпелым ад нацыяналізацыі. Такіх пацярпелых абавязкова трэба залічыць да ахвяраў палітычных рэпрэсій.