Памёр кардынал Украінскай грэка-каталіцкай царквы Любамір Гузар

Кардынал Украінскай грэка-каталіцкай царквы Любамір Гузар, архіўнае фота

Увечары 31 траўня на 85-м годзе жыцьця пасьля змаганьня зь цяжкой хваробай памёр кардынал Украінскай грэка-каталіцкай царквы Любамір Гузар. Пахаваньне пройдзе 5 чэрвеня ў патрыяршым саборы Ўваскрэсеньня Хрыстова ў Кіеве.

Як шараговыя ўкраінцы, так і палітыкі, у тым ліку прэзыдэнт і прэм’ер Украіны, выказалі спачуваньні ў сацсетках.

Любамір Гузар узначальваў УГКЦ у 2005-2011 гадах, быў адным з удзельнікаў ініцыятыўнай групы «Першага сьнежня», што аб’яднала прадстаўнікоў трох украінскіх цэркваў: праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату і УГКЦ.

Народжаны ў Львове ў 1933 годзе, зь сям’ёй пакінуў Украіну ў 1944 годзе. Спачатку сям’я жыла ў Эўропе, потым пераехала ў ЗША. Гузар атрымаў адукацыю ў Малой духоўнай сэмінарыі ў Стэмфардзе, затым у Вашынгтонскім каталіцкім унівэрсытэце. У 1965 годзе стаў настаяцелем парафіі Прасьвятой тройцы ў Керганскане, што пад Нью-Ёркам, у 1972 годзе пераехаў у Італію, дзе паступіў у манастыр Сьвятога Тэадора, у 1973-1984 гадах выкладаў у Папскім місыянэрскім унівэрсытэце ў Рыме. У 1978 году Патрыярх Ёсіф прызначыў Гузара архімандрытам кляштара Сьвятога Тэадора. У 1993 годзе разам з усёй суполкай з італьянскага Гротафэрата Гузар вярнуўся ва Ўкраіну.

«Хто нападае, хто агрэсарам, той бярэ на сябе вялікі грэх»: інтэрвію Гузара ўкраінскай Свабодзе за год да сьмерці