Дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска-Гузы ў інтэрвію Свабодзе зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю.
Калі б мы гэтага хацелі, то за 10 гадоў ужо б пасьпелі зрабіць
«Ніякай гаворкі пра пераход Белсату на расейскую мову няма. Пра гэтую расейскамоўную перадачу я неаднаразова казала чальцам Рады. Мне нават трошкі прыкра, што гэтую навіну так успрынялі. Я не палітык, і ў мяне няма намеру хлусіць. Калі я сказала, што мы не пяройдзем на расейскую — значыць гэтага ня будзе. Беларуская мова — гэта сутнасьць нашага каналу, і мы не зьбіраемся гэтага мяняць. Калі б мы гэтага хацелі, то за 10 гадоў ужо б пасьпелі зрабіць».
Паводле дырэктаркі Белсату, ідэя стварыць расейскамоўныя перадачы мае не адзін год. Для гэтага на канале была створаная рэдакцыя расейскамоўных праграмаў. Але праз адсутнасьць сродкаў яе прадукцыя пакуль не пачалася.
«Белсат глядзяць ня толькі ў Беларусі. Яго глядзяць і ў Расеі, ва Ўкраіне і краінах Балтыі. Вялікая частка беларусаў размаўляе па-расейску. І мы прыйшлі да высновы, што варта было б рабіць інфармацыйную перадачу з гэтага рэгіёну, якая б у будучыні магла стаць пачаткам асобнай рэдакцыі. Я прыхільніца разьведкі боем. Паглядзім, што атрымаецца».
Крывадушнасьць нікуды нас не завядзе. Чым менш гістэрыі, тым лепш.
Агнешка Рамашэўска раіць не драматызаваць сытуацыю і нагадвае, што і ў эфіры Белсату, падчас шматлікіх стрымаў, большасьць беларусаў размаўляюць па-расейску.
«Гэта ж мае быць міжнародная інфармацыйная перадача для рэгіёну на мове гэтага рэгіёну. А мова гэтая — расейская. Давайце ня будзем прыкідвацца, што беларусы не разумеюць па-расейску. Я б вельмі хацела, каб усе беларусы размаўлялі па-беларуску, але пакуль гэта ня так. Гэтая крывадушнасьць нікуды нас не завядзе. Чым менш гістэрыі, тым лепш», — кажа дырэктарка Белсату.
Новая расейскамоўная перадача будзе інфармацыйна-публіцыстычнай. У ёй маюць абмяркоўвацца тэмы, якіх пазьбягае беларуская і расейская тэлевізіі, а таксама міжнародныя падзеі, якія прапаганда фальсыфікуе.
Польшча не дамагаецца ад нас зьмены мовы, гэта, хутчэй, пажаданьні эўрапейскіх спонсараў.
На пытаньне пра далейшы лёс каналу, у сувязі са скарачэньнем фінансаваньня, Рамашэўска-Гузы адказала, што «сытуацыя трывожная», але кіраўніцтва працягвае шукаць сродкі за мяжой.
«Мы спадзяемся атрымаць брытанскае фінансаваньне. У дадзены момант фундатар хоча, каб мы стваралі расейскамоўны прадукт, але мы намагаемся яго пераканаць, што трэба рабіць гэта па-беларуску. І, мне падаецца, ёсьць прагрэс. Польшча не дамагаецца ад нас зьмены мовы, гэта, хутчэй, пажаданьні эўрапейскіх спонсараў. Але ў любым выпадку няма гаворкі пра зьмену мовы каналу».