Сёньняшняе супольнае пасяджэньне дзьвюх палатаў Нацыянальнага Сходу Беларусі пачалося з урачыстай працэдуры.
Вядоўца пасяджэньня, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка ўзнагародзіў ганаровай граматай Нацыянальнага Сходу Беларусі міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча «за дзейнасьць ва ўмацаваньні правоў і свабодаў грамадзян».
Удзельнікі пасяджэньня аплядысмэнтамі павіншавалі міністра, пасьля чаго вядоўца сказаў: «Давайце яшчэ раз павіншуем Ігара Анатолевіча!». І дэпутаты зноў запляскалі.
Пасяджэньне прысьвечана адказам сяброў ураду на пытаньні дэпутатаў. З асноўным дакладам аб стане сацыяльнай сфэры ў Рэспубліцы Беларусь выступае віцэ-прэм’ер Васіль Жарко. Акрамя таго, у залі прысутнічаюць 10 міністраў, якім дэпутаты таксама могуць задаць пытаньні.