Ініцыятарамі гэтага руху ў Менску сталі браты-гісторыкі Мікалай і Ўладзімер Плавінскія.
Створаны імі «Цэх жывой гісторыі» — гэта пляцоўка, якая працуе на грамадзкіх пачатках. Людзі зьбіраюцца там, каб паслухаць пра гісторыю і абмеркаваць гістарычныя пытаньні.
«Гэта вельмі папулярная форма падачы гістарычнага матэрыялу. На навуковую кніжку чалавек рэдка мае час. На рэканструктарскія фэстывалі таксама езьдзяць далёка ня ўсе. А тут атрымліваецца вельмі даходліва і адначасова навукова. Лекцыю можна слухаць за кубкам кавы ці гарбаты, або куфлем піва. Мы наўмысна выбралі кавярню, каб людзі ў будны дзень пасьля працы маглі прыйсьці, паслухаць, зьесьці і выпіць», — распавядае кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі.
Лекцыі адбываюцца ў кавярні Beer&Wine. Першыя сустрэчы былі прысьвечаныя ўзбраеньню беларускіх земляў у ВКЛ, бітве пад Воршай, дасьпехам нясьвіскіх Радзівілаў, вікінгам на Русі, артылерыі Вялікага княства.
«Калі мы задумвалі „Цэх жывой гісторыі“, то вырашылі абмежавацца канцом XIX — пачаткам XX стагодзьдзя. Мы вырашылі займацца старажытнай гісторыяй і гісторыяй новага часу, не закранаючы XX стагодзьдзе. У нас кожны раз выступае новы навуковец, спэцыяліст у пэўнай галіне. У частцы імпрэзаў прымаюць удзел рэканструктары, якія паказваюць, як выглядала ўзбраеньне ці вопратка старажытнага часу. Усё гэта можна пабачыць жыўцом і памацаць рукамі», — гаворыць Мікалай Плавінскі.
Сустрэчы стартавалі летась увосень. Да гэтай пары прайшло сем спатканьняў. Уступ на імпрэзы платны, але сума сымбалічная — 5 рублёў. Сабраныя грошы ідуць на арганізацыю лекцый. На некаторыя зь іх зьбіраецца каля 80 чалавек. Відэазапісы сустрэчаў выкладаюцца на адмысловым канале Цэху на youtube.com.
«Відэа на гістарычныя тэмы ў нас ня так шмат. Тым больш што мы абмяркоўваем даволі спэцыфічныя тэмы, як, напрыклад, узбраеньне рымскага легіянэра. Звычайна гэта ангельскамоўны кантэнт, а ў нас ня часта людзі валодаюць гэтай мовай. Для шырокай аўдыторыі падобныя тэмы непапулярныя, але мы працуем з поўнымі залямі, людзьмі, якія цікавяцца гэтымі пытаньнямі. У Беларусі бракуе гісторыкаў, якія могуць ясна і цікава падаць матэрыял зацікаўленым. Гісторыкаў шмат, але ня кожны можа выйсьці і даступна расказаць. Гэта вялікая праблема. Людзі бываюць зоркамі ў СМІ, але не заўсёды могуць выйсьці і адказаць на пытаньні прысутных», — кажа Плавінскі.
Зь лекцыямі ў «Цэху жывой гісторыі» выступалі гісторыкі Мікола Воўкаў, Максім Макараў, Сяргей Егарэйчанка, Аляксандар Казакоў, Аляксей Казьленка, Аляксандар Апановіч, археолягі з Масквы і Пскова. Незадоўга да сьмерці Цэх наведаў Юры Бохан.
Улетку «Цэх жывой гісторыі» ідзе на канікулы — да восені. У верасьні, на Дзень горада, браты Плавінскія будуць ладзіць імпрэзу на адкрытым паветры. У лекцыі па гісторыі Менску зможа ўзяць удзел кожны мінак. Сустрэча оpen air адкрые новы сэзон спатканьняў у «Цэху жывой гісторыі».