Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвінаваціў расейскія дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы «Russia Today» і «Спутник» у распаўсюдзе на травеньскіх прэзыдэнцкіх выбарах «фальшывых навін» і «прапаганды».
Выступаючы 29 мая на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, Макрон сказаў, што гэтыя мэдыі зьяўляюцца «органамі ўплыву і прапаганды» і «паводзяць сябе як структуры ўраду».
Сустрэча была першай паміж двума лідэрамі пасьля перамогі Макрона ў другім туры выбараў 7 траўня над лідэркай Нацыянальнага фронту Марын Лё Пэн.
Напярэдадні другога туру выбараў каманда Макрона сьцьвярджала, што намаганьні расейскіх хакераў і дэзінфармацыя накіраваныя на тое, каб сарваць яго кампанію. На прэс-канфэрэнцыі 29 мая Пуцін адмаўляў, што Масква ўмешвалася ў ход прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі.
Макрон таксама заявіў, што дамовіўся з Пуціным разам адсочваць сытуацыю з геямі ў Чачні. Пра гэта ён сказаў пасьля заканчэньня сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі ў Вэрсалі на прэс-канфэрэнцыі.
«Мы гаварылі пра ЛГБТ у Чачні, а таксама аб няўрадавыя арганізацыі ў Расеі. Я вельмі выразна сказаў прэзыдэнту Пуціну, чаго чакае Францыя па гэтым пытаньні, і мы дамовіліся, што будзем рэгулярна адсочваць сытуацыю разам», — сказаў Макрон па выніках перамоваў з Пуціным. Паводле Макрона, расейскі прэзыдэнт паведаміў яму, што «некалькі разоў прымаў меры, якія тычацца ЛГБТ у Чачні, для таго каб цалкам даведацца ўсю праўду аб тым, што адбываецца, працаваць з мясцовымі ўладамі і ўрэгуляваць гэтую далікатную сытуацыю».