Улады Горадні забаранілі Саюзу палякаў пікет у абарону польскамоўнага школьніцтва

Гарадзенскі гарвыканкам

Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў старшыні непрызнаванага беларускім уладамі Саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс у правядзеньні пікету ў абарону школаў з польскай мовай навучаньня.

Анжаліка Борыс падавала заяўку на правядзеньне пікету ў Калоскім парку, месцы, якое вызначана Гарадзенскім гарвыканкамам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. У адказе з гарвыканкаму ёй напісалі, што заява не адпавядае нормам закону, і адмовіліся яе разглядаць.

Анжаліка Борыс

— Мне цяжка неяк пракамэнтаваць гэты адказ з гарвыканкаму, паколькі заяву мы падалі згодна з заканадаўствам. Адзінае, скажу, што мы хацелі законным чынам выказаць свае патрабаваньні ўладам гораду, якія абмяжоўваюць колькасьць першаклясьнікаў, якія зьбіраюцца ісьці ў школу з польскай мовай навучаньня ў наступным годзе. А таксама мы выступаем супраць зьменаў у беларускае заканадаўства, якія ўжо рыхтуюцца і паводле якіх усе выпускнікі павінны будуць здаваць іспыты толькі на адной з дзяржаўных моваў.

Борыс патлумачыла Свабодзе, што летась ня ўсе ахвотныя трапілі ў першую клясу школы з польскай мовай навучаньня ў Горадні. Паводле яе, у двух клясах з польскай мовай навучаньня было толькі 48 месцаў, ахвотнікаў жа ў іх вучыцца — 60.

— Сёлета, відавочна, сытуацыя паўторыцца і ня ўсе, хто хоча, змогуць аддаць сваіх дзетак у клясы з польскай мовай навучаньня. Здавалася б, існуе такая школа, то чаму б уладам не адкрыць больш першых клясаў? І мы адразу хацелі галосна праз пікет заявіць аб гэтым, аднак нас ня хочуць слухаць. Але і мы ня можам стаяць у баку і не бараніць магчымасьці нашым дзецям навучацца па-польску. Пікет давядзецца праводзіць несанкцыянаваны.

У Беларусі дзейнічаюць дзьве школы з польскай мовай навучаньня: адна ў Горадні і адна ў Ваўкавыску. Апошнія гады бацькі, якія хочуць, каб іхныя дзеці пайшлі ў школу з польскай мовай навучаньня, вымушаны стаяць у чэргах, каб своечасова падаць заяўку на прыём іх дзяцей у першую клясу.