«Успокойся, малыш». Прэсавы сакратар МУС адказаў блогеру Антону Матольку ў фэйсбуку

Канстанцін Шалькевіч

«Тут адзін начальнік прэсавай службы МУС хуліганіць», — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку вядомы блогер Антон Матолька. Гаворка вядзецца пра начальніка Ўправы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў, прэсавага сакратара МУС Канстанціна Шалькевіча.

Падставай для спрэчкі ў Фэйсбуку стаўся пост аб затрыманьні ў мэтро, дзе некалькі міліцыянтаў затрымліваюць да крыві зьбітага юнака. Спрэчка разгарэлася паміж удзельнікамі абмеркаваньня адносна асобаў у форме дзяржслужбоўцаў і іх дзеяньняў. Удзел у абмеркаваньні прыняў таксама прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч.

У сваіх камэнтарах на адрас Антона Матолькі ён, у прыватнасьці, пісаў:

«Anton Motolko, як заўсёды, не прадставіў поўнай карціны. І ня выклаў свой пост. А за такое морду б’юць. Праўда, не дзяўчынкам, вядома. Тут, у натоўпе яго прыхільнікаў, я, вядома, не баец. Але ў іншай галіне ён проста баязьліва зьліўся, вырваў словы з кантэксту і запосьціў тут. Усё гэта, вядома, гнюсна. Але як ёсьць».

У сваю чаргу, Антон Матолька адказаў: «Косьця, тут не БТ з Саўбелкай, тут лёгка твае словы абвергнуць парачкай скрыншотаў. Так што, перш чым рабіць зь сябе нявінную ахвяру, падумай, калі ёсьць чым, вядома ж, яшчэ раз». «Ты супрацоўнік МУС, працуеш за МАЕ грошы. І грошы іншых грамадзян Беларусі. І служыш ты МНЕ і ГРАМАДЗЯНАМ Беларусі. Памятай пра гэта, калі будзеш пісаць чарговы фэйкавы прэс-рэліз, калі шуняўкі будуць выкрадаць і зьбіваць людзей».

У сваю чаргу Канстанцін Шалькевіч адказаў, што свае камэнтары ў Фэйсбуку пісаў як прыватная асоба, а не прадстаўнік МУС, але іншыя ўдзельнікі спрэчкі з гэтым сьцьвярджэньнем не пагаджаюцца:

«За такое морду б’юць», «дзяўчынка», «зьліўся» — вось гэта слоўнікавы запас сапраўднага афіцэра МУС Беларусі! Абараніў гонар мундзіра», — піша яшчэ адзін удзельнік спрэчкі.

У якасьці камэнтару пра інцыдэнт Антон Матолька спаслаўся на загад МУС ад 04.03.2013 году «Аб правілах прафэсійнай этыкі супрацоўнікаў МУС РБ». У прыватнасьці, на артыкул 5 гэтага загаду «Паводзіны супрацоўніка ў непрацоўны час».

Антон Матолька

«Хацелася б таксама атрымаць камэнтар ягонага вышэйшага кіраўніцтва з нагоды паводзінаў іх супрацоўніка, а таксама службовай кампэтэнцыі, якая адпавядае ягонай пасадзе», — сказаў Свабодзе Антон Матолька.