Якія прынцыповыя пераўтварэньні неабходныя беларускай вышэйшай і сярэдняй адукацыі? Ці адбыліся нейкія станоўчыя зьмены пасьля ўступленьня Беларусі ў Балёнскі працэс? Ці магчымыя кардынальныя рэформы ў сфэры адукацыі пра цяперашняй уладзе?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч і старшыня ТБМ, выкладчык Унівэрсытэту культуры Алег Трусаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Усе навучальныя праграмы для сярэдняй школы павінны быць абноўленыя да 1 верасьня. Пра гэта Аляксандру Лукашэнку далажыў міністар адукацыі Ігар Карпенка. Паводле міністра, гэтая праца практычна завершаная, але з абʼектыўных прычынаў да наступнага навучальнага году будуць гатовыя падручнікі не па ўсіх прадметах.
Якія рэформы неабходныя ў беларускай сыстэме адукацыі? І які яе стан на сёньня?
Трусаў: Адукацыя знаходзіцца ў кепскім стане, асабліва школа. Стан ВНУ рэзка пагоршыўся апошнім часам, калі забралі адзін год, замест 5 гадоў навучаньня зрабілі 4. Сёлета выходзіць першы чатырохгадовы выпуск. І канечне, калі адабраць год навучаньня, то гэта дабром ня скончыцца. А школа наагул у капітальным крызісе.
Цыганкоў: У чым гэта выяўляецца?
Трусаў: У тым, што на першы курс мы бяром студэнтаў, якія вельмі слаба падрыхтаваныя. Я выкладаю гісторыю Беларусі, і працэнтаў 80 ня ведаюць элемэнтарныя рэчы.
Цыганкоў: Так, мы бачым, як цяпер ва ўнівэрсытэты, асабліва на пэдагагічныя факультэты, прымаюць увогуле зь мінімальнымі баламі.
Трусаў: А цяпер хочуць наагул браць бяз балаў, праз сумоўе.
Цыганкоў: Уладзімер, на вашу думку, якія глябальныя перамены патрэбныя беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі?
Мацкевіч: Вы слушна выкарысталі катэгорыю «глябальныя». Я думаю, што без упісваньня беларускай адукацыі ў глябальны кантэкст мы не зразумеем, што нам трэба.
На маёй памяці рэформа адукацыі сасьпела яшчэ ў савецкія часы, недзе з 1982 году пачаліся рабіць нейкія захады, каб гэтую састарэлую сыстэму рэфармаваць. Але ў выніку за гэты час не было зроблена ніводнай радыкальнай, адпаведнай сучасным патрабаваньням рэформы.
Глядзіце, што зараз адбываецца. Абмяркоўваюцца нейкія дробязі — ці ў 8, ці ў 9 гадзінаў прыходзіць, якія будуць падручнікі. Але трэба мяняць цалкам падыходы да зьместу і мэтадаў адукацыі. Мы сёньня страшэнна адсталі ад усяго сучаснага сьвету. Наша адукацыя — ані сярэдняя, ані вышэйшая — не адпавядае выклікам і патрабаваньням інфармацыйнай эпохі, глябальнай эканомікі, навукі, якая хутка разьвіваецца.
На што сёньня скіраваныя настаўнікі? На састарэлы зьмест, састарэлыя каштоўнасьці савецкага часу, падпарадкаваньне
Беларускія навучэнцы кампэнсуюць недахопы беларускай школы самі. Наймаюць рэпэтытараў, займаюцца самаадукацыяй. Бо ніколі не было ў гісторыі такіх магчымасьцяў для самаадукацыі. І здабыць веды сёньня праблемы не ўяўляе. А вось паставіць арыенціры, матывацыю для здабыцьця ведаў, зарыентаваць людзей, якія веды вартыя — вось гэта функцыя школы.
А на што сёньня скіраваныя настаўнікі? На састарэлы зьмест, састарэлыя каштоўнасьці савецкага часу, падпарадкаваньне, а не ініцыятыву і так далей.
Цыганкоў: 14 мая 2015 году Беларусь далучылася да Балёнскага працэсу і ўвайшла ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Ці адбыліся нейкія станоўчыя зрухі пасьля гэтага?
Трусаў: Шчыра кажучы, стала яшчэ горш. Нагадаю, мы страцілі год у ВНУ. У Эўропе 4 гады бакаляўры, і яшчэ год ці два магістры. І там калі бакаляўры — 100 працэнтаў, і зь іх 30-40 паступаюць у магістратуру. А ў нас са ста працэнтаў паступае адзін у магістратуру. Так што пакуль Балёнскі працэс нічога добрага беларускай сыстэме адукацыі ня даў.
Цыганкоў: Вядома, асноўнай прычынай цяперашняга стану беларускай сыстэмы адукацыі зьяўляецца беларуская аўтарытарная палітычная сыстэма. Але, зь іншага боку, гістарычна ў некаторых аўтарытарных краінах, такіх як Карэя, Сынгапур, сыстэма адукацыі тым ня менш даволі пасьпяхова разьвівалася. Дык, можа, у беларускіх аўтарытарных умовах магчымыя пазытыўныя зьмены ў адукацыі?
Адны жанчыны ў школах, у ВНУ мужчын таксама амаль не засталося, а мой заробак дацэнта-кандыдата складае 553 рублі ў месяц
Трусаў: Вядома, магчымыя. Нават савецкая сыстэма адукацыі была не такой кепскай, калі адкінуць палітызаваныя прадметы, такія як «гісторыя КПСС», «навуковы камунізм», — то ўсе астатнія прадметы даваліся лепш, чым даюцца зараз. Бо савецкая сыстэма давала грошы, настаўнік у вёсцы нават у сталінскія часы быў самым паважаным чалавекам і меў заробак, якому зайздросьцілі. А што мы зараз маем? Адны жанчыны ў школах, у ВНУ мужчын таксама амаль не засталося, а мой заробак дацэнта-кандыдата складае 553 рублі ў месяц.
Цыганкоў: Уладзімер, ці магчыма пры аўтарытарным ладзе зрабіць добрую сыстэму адукацыі?
Мацкевіч: Спачатку адкажу на пытаньне пра Балёнскі працэс. Я быў адным з заснавальнікаў Балёнскага камітэту, мы досыць добра прааналізавалі стан беларускай адукацыі і патрабаваньні і крытэрыі Балёнскага працэсу. Далучэньне Беларусі на сёньня ўмоўнае, краіну ўключылі з умовай выкананьня тых крытэрыяў, якія вылучае Балёнскі працэс для кожнай краіны. Гэтыя патрабаваньні ня толькі ня выкананыя — але сёньняшняя ўлада нават і не зьбіраецца іх выконваць, — у першую чаргу тое, што тычыцца аўтаноміі ўнівэрсытэтаў і самакіраваньня.
Тыя аўтарытарныя рэжымы, якія дбалі пра будучыню (Сынгапуру, Карэі, Тайваня, Ганконгу) — яны ўтрымлівалі палітычную ўладу, але разьвівалі прадпрымальніцтва і адукацыю. Гэта дзьве галіны, дзе яны дапускалі свабоду.
У нас у Беларусі складзены чорныя сьпісы выкладчыкаў, якіх не дапускаюць да працы ва ўнівэрсытэтах. Беларуская аўтарытарная ўлада магла б рэфармаваць адукацыю, калі б яна дбала пра будучыню Беларусі. Але на сёньня яна дбае пра захаваньне ўлады і выкарчоўвае ўсё, што для яе небясьпечна. А сучасныя веды якраз і зьяўляюцца небясьпечнымі. Таму на сёньня ніякага аптымізму я тут ня бачу.
Цыганкоў: Многія беларускія студэнты «галасуюць нагамі», выбіраюць вышэйшую адукацыю за мяжой. А ў Беларусі вучацца студэнты з такіх краінаў, як Туркмэністан і Кітай. Ці разумеюць улады, што дзяржава страчвае лепшыя маладыя кадры?
Трусаў: Дзяржава пра гэта проста ня думае — няма ніякіх адмысловых праграмаў працы са студэнтамі. У нас зараз увогуле адбываецца поўная дэвальвацыя вышэйшай адукацыі. Кожны выпускнік школы хоча мець на ўсялякі выпадак дыплём унівэрсытэту ў кішэні.
Мацкевіч: Я думаю, хутка скончыцца прыток замежных студэнтаў нават з тых краінаў, якія вы пазначылі. Кітайцы працягнуць дасылаць студэнтаў, але не для таго, каб яны набывалі тут добрую адукацыю, а для таго, каб уладкаваць тут кітайскі бізнэс. Казахі ўжо зразумелі, што тут ня варта вучыць сваіх студэнтаў. І Туркмэністан — гэта, як мне падаецца, апошняя краіна, якая дасылае ў Беларусь студэнтаў.