Беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко застанецца ў СІЗА, адвакаты аспрэчваюць арышт

Ігар Кляўко

Раённы суд Марыюпалю падоўжыў да 23 ліпеня тэрмін арышту беларускага добраахвотніка Ігара Кляўка, які падазраецца ў выкраданьні і наўмысным забойстве жыхара паселішча Мангуш, што за 20 кілямэтращ ад Марыюпалю.

«У панядзелак, 29 траўня мы падаем апэляцыйную скаргу на гэтае рашэньне. Паводле працэсульнай працэдуры яна мае быць разгледжаная апэляцыйным судом Данецкай вобласьці ў Марыюпалі да пятніцы, 2 чэрвеня», — паведаміла Радыё Свабода адвакат беларускага добраахвотніка Ірына Галоўчанка.

Мы цалкам, пахвілінна, аспрэчылі абвінавачаньне. Але ў суда было іншае меркаваньне.

У той жа час, паводле яе, малаверагодна, што апэляцыйны суд задаволіць іх скаргу. «Учора ўсе былі ўпэўненыя, што Ігара вызваляць пад асабістыя паручыцельствы, таму што мы цалкам, пахвілінна, аспрэчылі абвінавачаньне. Але ў суда было іншае меркаваньне. Галоўная рызыка ў тым, што Ігар ня ёсьць грамадзянінам Украіны. Такое адчуваньне, што падоўжаньне арышту — гэта ўказаньне «зьверху», — дадала адвакат.

Ірына Галоўчанка таксама паведаміла, што суд далучыў да матэрыялаў справы відэа зь мітынгу у Марыюпалі, у якім браў удзел Ігар Кляўко якраз у той час, калі, як мяркуе сьледзтва, адбылося забойства аднаго з жыхароў паселішча Мангуш. «Гэтае відэа зараз накіраванае на экспэртызу, каб пацьвердзіць, што яно незмантажаванае, і што на ім дакладна зафіксаваны Ігар Кляўко. Гэта доказ таго, што ў той момант ён ня мог знаходзіцца ў Мангушы, і абвяржэньне сьведчаньняў аднаго з падазраваных у гэтай справе, паводле якіх пракуратура і выставіла абвінавачаньні Ігару», — патлумачыла абаронца беларускага добраахвотніка.

Валянціна Сакалова, грамадзянская жонка Ігара Кляўка, паведаміла, што ён знаходзіцца ў цяжкім псыхалягічным стане. «Стан Ігара, можна сказаць, крытычны — і ў псыхалягічным, і ў фізычным пляне. Ён проста зьнясілены. У яго абвастрыліся і хранічныя захворваньні», — сказала яна.

Паводле яе, Ігар Кляўко быў фактычна «выкрадзены» з вайсковага шпіталю пад Кіевам на трэці дзень пасьля апэрацыі на параненай назе. «Я сама мэдык і ведаю ўсе тонкасьці. Яму патрэбная была рэабілітацыя пасьля гэтай апэрацыі, а ў СІЗА немагчыма яе прайсьці. Апроч таго, пасьля той апэрацыі плянавалася і яшчэ адна. Яму патрэбнае лячэньне, немагчымае ва ўмовах сьледчага ізалятару. Ён вельмі схуднеў. Падчас судовага паседжаньня па падоўжаньні арышту яму стала кепска і выклікалі хуткую дапамогу», — паведаміла Валянціна Сакалова.

Ад самага пачатку кіраўніцтва батальёну не было настроенае, каб яго неяк абараняць.

«Ігар служыў паводле кантракту ў батальёне „Данбас“. Кантракт быў падпісаны на паўгода з 11 лістапада да 11 траўня. У яго ёсьць вайсковы квіток, ён прымаў прысягу на вернасьць Украіне. Але ад самага пачатку кіраўніцтва батальёну не было настроенае, каб яго неяк абараняць», — адзначыла грамадзянская жонка Ігара Кляўка.

Ігар Кляўко зь лютага знаходзіцца ў Марыюпальскім сьледчым ізалятары Данецкай вобласьці.

Больш вядомы пад пазыўным «Леў», Ігар Кляўко разам з батальёнамі «Данбас» і ДУК «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя пункты антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пескі.

Сёлета ў лютым яго ўзялі пад варту паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве.