З наступнага навучальнага году 82,5% школ будуць пачынаць заняткі ў 9:00, адрапартаваў 26 траўня Аляксандру Лукашэнку міністар адукацыі Ігар Карпенка. З 8:30 урокі будуць пачынацца ў 17,2% школ, і толькі ў 0,3% — з 8-й раніцы. Паводле Карпенкі, складанасьці ўзьнікаюць у школ, дзе вучоба вядзецца ў дзьве зьмены. Там праблема будзе вырашацца за кошт скарачэньня перапынкаў.
І хоць галоўны аргумэнт кіраўніка дзяржавы — клопат пра здароўе дзяцей, ня ўсе бацькі ўзрадаваліся пераносу ўрокаў на пазьнейшы час. Найперш тыя, у каго праца пачынаецца раней за 9 гадзіну.
Алена, маці двух школьнікаў — васьміклясьніка і другаклясьніцы — кажа, што працуе лекарам у шпіталі. Бацька таксама лекар у мэдычным РНПЦ. Пачатак працы ў абаіх бацькоў — а восьмай раніцы, дабірацца да працы хвілін 45. Жывуць у мікрараёне далекавата ад цэнтру. Звычайна ў 7:10 з дому выходзяць разам, па дарозе Алена хуценька даводзіць малодшую дачку да школы непадалёк ад дому, дзе заняткі пачынаюцца ў 8:15. Сын дабіраецца ў цэнтар гораду ў спэцыялізаваную гімназію часам сам, часам яго падвозяць бацькі. Алена кажа, што з прычыны ейнага працоўнага графіку дачка і так прыходзіць у школу зарана і хвілін 40 чакае, пакуль не пачнуцца заняткі. А цяпер дзяўчынцы давядзецца чакаць урокаў у школе ледзьве не паўтары гадзіны. «Можа, бацькам з больш свабодным графікам працы гэта і зручна, але лекарам, настаўнікам, рабочым заводаў, прадаўцам — лішні галаўны боль. Абяцаюць заняць дзяцей факультатывамі да пачатку ўрокаў. Але ж ня ўсе на іх ходзяць. Скарачаюць перапынкі. Але на вялікім перапынку дзеці ходзяць у сталоўкі, часам малыя даесьці абед не пасьпяваюць. А што можна пасьпець за 10 хвілін? Дабегчы да сталоўкі?», — абураецца спадарыня Алена.
Людміла працуе касіркай у гіпэрмаркеце — два дні працоўныя, два выходныя. Крама адчыняецца а 8-й раніцы, але на працы трэба быць у 7:30. Школа і праца маці непадалёк ад дому:
«Выходзілі з дому з дачкой-трэцяклясьніцай разам. А цяпер яна радуецца, што можна будзе паспаць на гадзінку больш. А мне галаўны боль: дзіця яшчэ малое, несамастойнае, косы не запляце сама, не пасьнедае».
А мне галаўны боль: дзіця яшчэ малое, несамастойнае, косы не запляце сама, не пасьнедае
Міністэрства адукацыі спасылаецца на так званы СанПІН — «Патрабаваньні для ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі», зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі 27 сьнежня 2012 году, № 206. Дакумэнт рэкамэндуе, каб заняткі ў школах пачыналіся а 9-й гадзіне.
Яшчэ адна маці 13-гадовай дзяўчынкі задаволеная, што заняткі будуць пачынацца а 9-й гадзіне:
«Мы жывём далёка ад цэнтру, у Чыжоўцы. Дачка вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі на праспэкце Незалежнасьці. Дабірацца — гадзіну. Даводзілася ўставаць а 6-й раніцы, выходзіць з дому каля 7-й. Так што я задаволеная, дзіця на гадзінку больш пасьпіць. А вось што перапынкі скарачаюць да 10 хвілін — гэта дрэнна. Сабраць падручнікі, перайсьці ў іншы кабінэт ледзь пасьпяваюць. А калі паесьці, калі крыху адпачыць?»
У шматдзетнай маці Элы трое дзетак на хатнім навучаньні, таму яе мала хвалюе, як мяняецца час заняткаў у школе:
«Але гэта не азначае, што дзеці сьпяць да 11-й. Падʼём у нас строга ў 8:30, адбой у малодшых — а 22-й, у старэйшага — а 23-й гадзіне. Самастойныя заняткі, перапынкі на спорт, разьмінку, перакусы — рэжым ёсьць. Пасьля абеду — сэкцыі, музычная школа. Цэлы дзень дзеці занятыя, лынды ня бʼюць. Плюс дапамога па дому — у кожнага ёсьць свае абавязкі. Я ведаю нямала семʼяў, дзе дзеці вучацца дома, і даволі пасьпяхова. Дарэчы, старэйшы цяпер займаецца з рэпэтытарам па фізыцы і матэматыцы. Але ж школьнікі таксама самі не засвойваюць складаныя прадметы, каб добра здаць ЦТ і паступіць, ходзяць да рэпэтытараў і на адмысловыя курсы».
Настаўнікі ад пераносу заняткаў на пазьнейшы час таксама не ў захапленьні. Як і ад працоўнай суботы з факультатывамі, дадатковымі заняткамі:
«Малодшых дзяцей усё адно будуць прыводзіць раней, іх трэба будзе нечым займаць — факультатывамі, пазакляснымі справамі. Калі ня зоймеш — ёсьць неўгамонныя дзеці, якія будуць насіцца па калідорах. Я ўжо не кажу пра сваіх дзяцей, якія пакінутыя самі на сябе, самі зьбіраюцца ў школу, бо я раней сыходжу з дому. І ў суботу іх таксама амаль ня бачу, бо да абеду трэба быць на працы. Вельмі сумняюся, што за лішнія гадзіны нам нешта заплацяць. Будзем працаваць больш за яшчэ меншыя грошы», — скрушна ўздыхае настаўніца адной са сталічных школ Тацяна Мікалаеўна.
Аляксандар Лукашэнка даручыў перагледзець графік працы агульнаадукацыйных школ. «Нам трэба мяняць графік работы школ. Раней за дзявятую гадзіну ўрокі пачынаць ня трэба», — сказаў кіраўнік дзяржавы 12 траўня.