Сёньня ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «100 сацыяльных інавацый Фінляндыі» з удзелам яе ўкладальніка Ілкі Тайпале і пасла Фінляндыі ў Менску Крыстара Мікельсана.
Пераклад Якуба Лапаткі выйшаў у выдавецтве Ўладзімера Сіўчыкава.
Мы зьвязаліся з Уладзімерам Сіўчыкавым напярэдадні прэзэнтацыі
Абламейка: Што вас асабіста закранула і прывабіла сярод гэтых ста інавацый фінаў?
Сіўчыкаў: Ну фінская саўна, напрыклад — гэта банальна і ва ўсіх на слыху. Зь іншага боку, былі там і такія рэчы, як фінскае танга — гэта я, як рэдактар перакладу, прыбраў, і засталося толькі танга... Але ёсьць у кнізе і шмат вельмі карысных рэчаў для нашага грамадзтва.
Напрыклад, шмат чым былі б усьцешаны школьнікі і іх бацькі. Тут нам варта пераймаць фінскі вопыт. У Фінляндыі выхадныя дзеці абавязкова мусяць праводзіць з бацькамі. Там няма хатніх заданьняў. Таксама ў Фінляндыі няма экзамэнаў. Дзяцей ніяк не падзяляюць на добрых і дрэнных, дасканалых і недасканалых. У іх адзін экзамэн за ўвесь навучальны працэс. Гэты экзамэн і падсумоўвае папярэдні пэрыяд навучаньня, і служыць для паступленьня ў далейшыя навучальныя ўстановы.
Або, напрыклад, настаўнік у школе на працы павінен праводзіць чатыры гадзіны і дзьве яшчэ гадзіны даюцца яму на самаўдасканальваньне. Карацей, вельмі шмат там такога, што хацелася б запазычыць і нам, у нашу краіну.
Абламейка: Назавіце дзьве прычыны, чаму сёньня трэба прыйсьці на прэзэнтацыю гэтай кнігі.
Сіўчыкаў: Па-першае, яна будзе адбывацца на дзівосным месцы. Там некалі стаяў славуты інтэрнат БДУ, дзе жыў шмат хто зь вядомых людзей. А цяпер на гэтым месцы будынак гатэлю са шкла і бэтону. Можна будзе паглядзець, які ён унутры. Па-другое, усе тыя, хто думае пра паляпшэньне сацыяльна-культурнай і эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, знойдуць у кнізе шмат натхненьня.
Прэзэнтацыя адбудзецца па адрасе Double Tree
by Hilton, праспэкт Пераможцаў, 9. Пачатак а 15-й гадзіне.