Палякі аднаўляюць ля мяжы зь Беларусьсю старажытны промысел. За нарвэскія і ісьляндзкія грошы

Польшча стала першай краінай Эўразьвязу, якая вяртае традыцыйнае бортніцтва. У адмысловай праграме бяруць удзел чатыры лясьніцтвы непадалёк ад мяжы зь Беларусьсю. Фінансуе праект Нарвэгія, Ісьляндыя і Ліхтэнштэйн. Яго бюджэт - траціна мільёну даляраў.

У Польшчы, як і ў Беларусі, гэты старадаўні лясны промысел, заснаваны на разьвядзеньні і ўтрыманьні лясных пчолаў-баровак у штучных дуплах — борцях, вядомы 2000 гадоў.

У адрозьненьні ад пчаляроў, бортнікі займаюцца здабычай мёду ў лесе. Борці робяцца на вышыні 3-5 мэтраў ад зямлі, каб абараніць пчолаў і мёд ад шкоднікаў. Карысьць ад пчолаў адчувальная ня толькі для сельскай гаспадаркі, але і для навакольнага асяродзьдзя. Пчолы спрыяюць разьвіцьцю біяразнастайнасьці і лясной экасытэмы. Дзякуючы ім лясныя расьліны даюць лепшы ўраджай насеньня і садавіны, якімі харчуюцца жывёлы і птушкі. Мёд ад лясных пчолаў больш натуральны, паколькі ў лесе ў іх менш шанцаў сустрэць хімічна апрацаваныя расьліны.

У XV–XVI стагодзьдзях бортніцтва стала вылучацца як самастойная і ўстойлівая галіна эканомікі Вялікага Княства Літоўскага і прыносіла карысьці больш, чым дрэваапрацоўчыя промыслы.

Найбольш інтэнсіўна бортніцтва на нашых тэрыторыях і ў Польшчы разьвівалася ў XVI стагодзьдзі. У палове XIX ст. яно памерла. Прычынай было разьвіцьцё сельскай гаспадаркі і масавае карчаваньне лясоў для ральлі.

Дзьвесьце гадоў таму менавіта на сёньняшнім памежжы Польшчы і Беларусі былі зафіксаваныя рэкорды бортніцтва.

«Пчаліныя паселішчы такім чынам гінулі. Карчаваліся дрэвы, якія маглі стаць патэнцыйнымі борцямі. Усё гэта паўплывала на зьмяншэньне біяразнастайнасьці расьлінаў. У выніку зьмяншалася колькасьць лясных пчолаў. У палове 19 ст. канец бортніцтву паклаў загад цара. Асобныя борці захаваліся ў Белавескай пушчы да канца XIX ст. А апошні польскі бортнік дажыў да ІІ сусьветнай вайны», — распавядае доктар Бэата Мадрас-Маеўска, прафэсар Вышэйшай школы сельскай гаспадаркі ў Варшаве, кіраўніца лябараторыі пчалярства.

Пасьля царскай забароны людзі выразалі борці і прыносілі іх у двары, каб ня страціць укладзеную працу. Так пчолы ўпершыню наблізіліся да людзей і зьявілася ідэя пасечніцтва.

Дзьвесьце гадоў таму менавіта на сёньняшнім памежжы Польшчы і Беларусі былі зафіксаваныя рэкорды бортніцтва. Ад Аўгустоўскай да Белавескай пушчаў стаяла 28 тысяч борцяў.

Бортніцкія калоды

«Магчыма, прычына была ў тым, што традыцыі бортніцтва там былі мацнейшымі. Дрэвы там маглі быць неабходнага габарыту. Для бортніцтва патрэбныя векавыя дрэвы, 100-300 гадовыя. Галоўны парамэтар дрэва — гэта дыямэтар. Ён павінен быць мінімум 1 мэтар, каб быў сэнс рабіць борць. Найбольш борцяў было ў 100-200 гадовых соснах. Найбольш мёду і воску было менавіта там. Гэта гістарычны факт», — гаворыць Бэата Мадрас-Маеўска.

Бортніцтва стала часткай турыстычнага маршруту ў рэгіёнах усходняй Польшчы.

Пасьля вайны бортнікаў у Польшчы не засталося. Цяпер старажытны промысел аднаўляецца дзякуючы праекту «Традыцыйнае бортніцтва — ратунак дзікіх пчолаў у лясах», які фінансуе Нарвэгія. Борці будуюцца там жа, дзе яшчэ 200 гадоў таму іх было найбольш — у Аўгустоўскай і Белавескай пушчах.

Паводле Бэаты Мадрас-Маеўскай, і будаўніцтва борцяў, і курсы для патэнцыйных бортнікаў, і стварэньне адукацыйных сьцежак, навуковыя дасьледаваньні, сталі магчымымі дзякуючы нарвэжцам. За борцямі і пчоламі можна нават сачыць дзякуючы вэб-камэрам.

«У кожным лясьніцтве ствараецца прынамсі па 3 бортніцкія калоды і 2 борці. У Аўгустоўскім лясьніцтве іх ужо каля 40. Калі праект пачынаўся, то быў лес, былі пчолы і борці, але не было бортнікаў. Так узьнікла ідэя запрасіць бортнікаў з Башкірыі, дзе традыцыя бортніцтва існуе бесьперапынна больш тысячы гадоў. Сёлета — ужо трэці сэзон для пчолаў у борцях. І гэта будзе разьвівацца».

Бортніцтва стала часткай турыстычнага маршруту ў рэгіёнах усходняй Польшчы. Там працуюць інфармацыйныя пункты, выдаецца бортніцкая літаратура, інструкцыі і настольныя гульні для дзяцей. Праводзяцца бортніцкія фэсты, на якіх бортнікі спаборнічаюць за званьне найлепшых, адбываюцца публічныя паказы збору мёду.