Як паведамляе руплівец беларускай справы ў Прыбайкальлі, заснавальнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, а цяпер намесьнік кіраўніка клюбу «Крывічы» Алег Рудакоў, на імпрэзу зьбяруцца творчыя людзі і калектывы з усёй вобласьці — ад вёскі Чарчэт у Тайшэцкім раёне да гораду Сьлюдзянкі на паўднёвым узьбярэжжы Байкалу.
Свае праграмы прадставяць два дзясяткі ўдзельнікаў, сярод іх ансамбаль аўтэнтычнай песьні «Крывічы» і харэаграфічны ансамбаль дзіцячай музычнай школы № 7 «Дзіва-Дзівоснае» з Іркуцку; ансамбалі «Сяброўкі» з гораду Сьвірску і «Народная песьня» з пасёлку Атагай; фальклёрныя ансамблі «Вясьнянкі» зь вёскі Ахіны, «Квяточак» зь вёскі Бабагай, «Рушнічкі» зь вёскі Сулкет, «Марусенькі» зь вёскі Тарнопаль; беларускі народны ансамбаль «Варэнічкі» і дзіцячая фальклёрная студыя «Рушнічок» зь вёскі Тургенеўка; клюб «Крыніцы» зь вёскі Чарчэт; фальклёрны ансамбаль «Сунічкі» і харэаграфічны ансамбаль «Чабаркі» зь вёскі Андрушын; фальклёрны ансамбаль «Крынічанька» і дзіцячы фальклёрны гурток «Туясок» зь вёскі Аляксандраўска ды іншыя.
Спэцыяльныя госьці — беларускія калектывы «Барвіначка» і «Медуніца» з Томску. А цьвіком праграмы «Беларускага кірмашу-2017» стане выступ музыкі зь Беларусі Сяргея Доўгушава. Ён ня толькі прэзэнтуе яркую праграму, а і пакажа гучаньне старадаўніх беларускіх інструмэнтаў — ліры, дуды, жалейкі ды іншых.
Паралельна будуць працаваць майстар-клясы. 12 майстроў прадэманструюць самыя розныя кірункі беларускіх рамёстваў — саломапляценьне, выцінанка, бісерапляценьне, стужкаграфія, абярэгавая лялька, вырабы з гліны і бяросты.
Яскравай падзеяй, як абяцае Алег Рудакоў, стане навучаньне беларускім сярэднявечным і народным танцам — кожны ахвотны зможа засвоіць паўтара дзясятка аўтантычных танцаў.
Таксама будзе арганізаваны продаж вырабаў зь беларускага лёну, сувэніраў з саломкі, вясковых пачастункаў.
Пры гэтым Алег Рудакоў вымушаны канстатаваць, што правядзеньне фэстывалю супала са складаным этапам у ягоным асабістым жыцьці і беларускай грамады ў Іркуцку. Праз эканамічныя цяжкасьці скасаваная ягоная пасада ў прадпрыемстве рэалізацыі аўтамабіляў МАЗ; як вынік, з прычыны абразаньня фінансаваньня клюб «Крывічы» вымушаны пакінуць памяшканьне. Цяпер няма дзе зьбірацца, і беларуская суполка мае патрэбу ў фінансавай падтрымцы. «Мы будзем рады любой дапамозе», — зьвяртаецца да неабыякавых грамадзянаў Алег Рудакоў.
Банкавыя рэквізыты — на ягонай пэрсанальнай старонцы ў «Фэйсбуку». Усе мэцэнаты і дабрачынцы будуць адзначаныя ў буклеце пра фэстываль, «перадавікі» атрымаюць памятныя дыплёмы.