У Вільні распачаў працу 3-і Форум Свабоднай Расеі, які праводзяць праціўнікі дзейнага ў Расеі рэжыму на чале з Уладзімірам Пуціным. Падчас форуму ўдзельнікі абмяркоўваюць надзённыя праблемы расейскай і міжнароднай палітыкі, а таксама сцэнары выхаду краіны з палітычнага, эканамічнага і цывілізацыйнага крызісу.
Адзін з арганізатараў імпрэзы Іван Цютрын паведаміў Свабодзе, што ў Літву прыехалі прадстаўнікі 32 рэгіёнаў Расеі, палітыкі, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. Усяго зарэгістравана каля 300 удзельнікаў.
Адкрыў паседжаньне заснавальнік форуму Гары Каспараў. У свой час наймацнейшы шахматыст сьвету і адзін з найбольш пасьлядоўных апанэнтаў Крамля сказаў, што з пункту гледжаньня расейскай прапаганды — гэта «сход пікейных камізэлек». Але на самой справе мерапрыемства надзвычай важнае, паколькі на ім абмяркоўваюцца пытаньні, якія для расейскай апазыцыі зьяўляюцца табу:
«Выбараў няма, але апазыцыя ў Расеі робіць выгляд, што яны ёсьць. Прыходзіцца імітаваць, што вы змагаецеся за выбарнікаў. У нас гэтых умоўнасьцяў няма. Мы адзінае месца збору, дзе можна гаварыць пра ўсё без аглядкі на неіснуючага выбарніка або на адзінага выбарніка ў Крамлі. Мы не павінны азірацца: а што падумае ўмоўная «МарьИванна?»
Гары Каспараў прыгадаў, што забіты два гады таму лідэр расейскай апазыцыі Барыс Нямцоў любіў паўтараць: у адсутнасьць канкурэнцыі трэба глядзець, як ацэньвае вашу палітычную дзейнасьць Крэмль. У гэтым выпадку Крэмль даў ягонай дзейнасьці найвышэйшую ацэнку, — змрочна падсумаваў палітык:
«Дыктатарскі рэжым разумее, што адкрытае абмеркаваньне актуальных тэмаў для яго небясьпечнае. У Расеі многія праблемы выведзеныя за дужкі. А для нас ёсьць тэмы Крыму, вайны ва ўсходняй Украіне і на іншых акупаваных тэрыторыях, пазыцыя Расеі ва ўсясьветнай прасторы. Мы гаворым пра будучыню, якая наступіць ня ў выніку таго, што хтосьці выйграе выбары і атрымае два галасы ў радзе Ўрупінску, мы гаворым пра пазбаўленьне ад мораку мінулага: пра люстрацыю, пра тое, што краіна — правапераемніца СССР ня можа вырвацца з савецкага мінулага. Да чаго гэта прыводзіць? Можна паглядзець на Турэччыну: адмовілася ад прызнаньня генацыду армян, калі была на парозе Эўразьвязу, і стала дыктатарскай».
У першы дзень форуму адбыліся дыскусіі на тэму фэдэралізму і імпэрыі, гучалі прапановы аб стварэньні ценявога кабінэту міністраў, аб ацэнцы дзейнасьці цяперашніх расейскіх уладаў. Выступалі гісторыкі, юрысты, праваабаронцы, журналісты.