Вершы Багдановіча натхнялі апазыцыянэраў падчас турэмных арыштаў

На вечарыне памяці Багдановіча

На вечарыне памяці Максіма Багдановіча ў Гомлі гучалі вершы паэта на беларускай, украінскай і латыскай мовах.

У грамадзка-палітычным цэнтры ў Гомлі 25 траўня прайшла літаратурна-музычная вечарына да 100-годзьдзя з дня сьмерці Максіма Багдановіча.

Закладкі ў томе Багдановіча

Адкрываючы вечарыну, палітык Уладзімер Кацора зазначыў, што ідэя зладзіць яе зьявілася падчас сёлетніх акцыяў пратэсту і масавых арыштаў, калі гомельскія актывісты трапілі ў ізалятар на суткі і сталі чытаць і перачытваць паэзію Максіма Багдановіча.

Уладзімер Кацора

«Я й сам чытаў Багдановіча, — адзначыў Кацора, паказваючы грамадзе дыхтоўны том беларускага клясіка са шматлікімі закладкамі. — Мушу нагадаць пра паралелі: сто гадоў таму, акурат пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, калі, на жаль, Максіма ў хуткім часе ня стала, у беларусаў, у нашых суседзяў-украінцаў, зьявілася надзея, што яны стануць вольнымі, незалежнымі. І Багдановіч пра гэта пісаў, верыў у гэта. Сёньня Беларусь юрыдычна свабодная. Але дзіва ў тым, што ў незалежнай краіне беларуская мова афіцыйна амаль не выкарыстоўваецца, хоць яна й дзяржаўная. На ёй мала хто размаўляе. Пэўна, мала хто бачыць і па-сапраўднаму ацэньвае творчасьць Максіма Багдановіча як зоркі першай велічыні ў беларускай паэзіі».

Кацора зазначыў, што Максім Багдановіч за сваё кароткае жыцьцё напісаў 250 вершаў, 40 зь якіх увайшлі ў скарбонку ўсясьветнай паэзіі. Столькі ж вершаў занесена ў гэтую скарбонку ў Янкі Купалы, які напісаў іх блізу тысячы, а таксама ў расейскага паэта Аляксандара Пушкіна, творчы здабытак якога налічвае 850 паэтычных твораў.

«Пагоня» па-ўкраінску, «Слуцкія ткачыхі» па-латыску

Максім Багдановіч

Багдановіч «прывіў» да беларускай паэзіі каля дзясятка самых розных формаў вершаскладаньня, у тым ліку санэты, трыялеты, рандо, рабіў пераклады вершаў на беларускую мову зь японскай, швэдзкай, ангельскай, украінскай, расейскай.

Пра значнасьць і літаратурны подзьвіг Багдановіча гаварыла паэтка Ларыса Раманава, пісьменьнік Анатоль Бароўскі, прадстаўнік украінскай дыяспары ў Гомлі Багдан Дземкіў. Гомельскі ўкраінец прачытаў «Пагоню» ў перакладзе Івана Драча.

Бард Вольга Цярэшчанка чытала «Слуцкія ткачыхі» па-латыску, яна падзялілася сваімі ўражаньнямі пра творчасьць Багдановіча як настаўніца і жанчына. Прыгадала нават інтымны дзёньнік Максіма, які сам кахаў і ў каго былі закаханыя дзяўчаты, што апыналіся побач. Але Максім, ведаючы пра сваю невылечную на той час хваробу — сухоты, трымаўся важных жыцьцёвых «правілаў», адчуваў локаць. Бацька Адам імкнуўся нават кантраляваць эмоцыі сына, бо калі ён хваляваўся, то кашляў крывёю.

У Ялце, куды першы раз Максім паехаў на лячэньне адзін і дзе памёр, здарылася тое, што ўрэшце й павінна было здарыцца — Максім закахаўся ў замужнюю жанчыну, армянку паходжаньнем. Так зьявіўся інтымны дзёньнік, безабаронны, шчыры і адкрыты, поўны душэўных памкненьняў.

Магіла Максіма Багдановіча ў Ялце

Прыпынак Максіма ля Гомлю

На вечарыне згадвалася, што Багдановіч, калі ў лютым 1917 году ехаў у Крым на лячэньне, на тры дні затрымаўся адразу за Гомлем — чыгунку занесла сьнегам, і цягнік ня мог рухацца. Пра гэта Міхась Стральцоў пісаў у эсэ «Загадка Багдановіча»:

«Была зіма, мяцеліца. I гаварылі пра рэвалюцыю. Ён ехаў насустрач ёй ці ад яе? Эх, каб яшчэ хоць два гады жыцьця! За Гомлем на тры дні цягнік запынілі сьнежныя заносы. Апынуліся між станцыямі, як паміж небам і зямлёй. Цемень, завіруха. Страшныя, апакаліптычныя ночы. Палілі сьвечкі. Скончылася ежа».

Гомельскі скаўт Ільля Новікаў расказаў пра сваё бачаньне паэзіі Багдановіча, у аснове ўспрыняцьця якой ляжыць верш «Песьняру»:

Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей
Сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня.
Разаб’ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Не збудзіўшы сьвятога сумленьня.

У канцы вечара грамада пад акампанэмэнт гітары барда Андрэя Мельнікава супольна сьпявала Багдановічаву «Пагоню».

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, —
Ўспомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў па грозных канях.