Лукашэнка пра хакеістаў: «У іх зялёныя вочы, паглядзіце»

Аляксандар Лукашэнка ў хакейнай форме, архіўнае фота

Падчас нарады, прысьвечанай разьвіцьцю хакею ў Беларусі, Аляксандар Лукашэнка загадаў «устанавіць нармальны заробак» для хакеістаў.

«Устанавіце нармальны заробак гульцу за гульню, а за вынік — дадайце. І трэба істотна прызавыя і іншыя дадаваць за вынік унутранага чэмпіянату. Тады будуць гуляць тут. А яны ўсе — ад Захарава да шараговага хакеіста — ня думаюць нічым, акрамя зарплаты! У іх зялёныя вочы, паглядзіце. Ва ўсіх! Зялёныя вочы! У нас ужо няма ні карых, ні блакітных, толькі „зеляніна“ ў вачах! Мы ня супраць плаціць. Але за што плаціць?» — цытуе СТВ Аляксандра Лукашэнку.

Паводле Лукашэнкі, у хакей укладаецца амаль 18% ад усіх выдаткаў на фізкультуру і спорт, але «ніякай аддачы».

20 траўня Фэдэрацыю хакею Беларусі ўзначаліў старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра. Учора прэзыдэнцкім указам ён вызвалены ад абавязкаў старшыні аблвыканкаму. Раней Шапіра ня меў дачыненьня да хакею.