Кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт адмаўляе закіды беларускага боку, што Расея нібыта перадузята ставіцца да прадукцыі, вырабленай у Беларусі.
«„Рассельгаснагляд“ адказвае за свае праверкі і вынікі аналізу беларускай малочнай прадукцыі, — сказаў сёньня Данкверт расейскім журналістам. — У нас усе мэтодыкі правераныя, усё зроблена правільна».
Паводле чыноўніка, калі Беларусь лічыць прэтэнзіі расейскай службы неабгрунтаванымі, то можа зьвярнуцца ў суд.
Раней «Рассельгаснагляд» выявіў у беларускай малочнай прадукцыі рэшткі антыбіётыкаў, у тым ліку і тых, якія могуць даваць пабочны эфэкт на здароўе чалавека. Паведамлялася, што знойдзеныя сьляды лекаў, прызначаных для лячэньня пранцаў ды іншых вэнэрычных захворваньняў. Сёньня ён гэты факт патлумачыў больш падрабязна:
«Мы знайшлі тое, чым лечаць непасрэдна пранцы, усе вэнэрычныя захворваньні. А ведаеце чаму? Бо ў кароў таксама хламідыёз, таму яны проста ўжываюць сынтэтычныя антыбіётыкі», — сказаў Данкверт.
Днямі кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі Леанід Заяц казаў, што прэтэнзіі наконт выяўленьня ў беларускай прадукцыі антыбіётыкаў надуманыя і не пацьвярджаюцца рэальнымі фактамі. Стаўленьне расейскіх кантрольных службаў да беларускіх вытворцаў ён назваў перадузятым.
22 траўня ў Маскве прайшлі перамовы паміж кіраўнікамі аграрных ведамстваў дзьвюх краін. Расея ў выніку дазволіла пастаўкі на свой рынак сямі беларускім вытворцам малака і двум вытворцам мяса. Цягам 10 дзён адбудзецца яшчэ адна кансультацыя, каб вырашыць лёс астатніх прадпрыемстваў, пастаўкі зь якіх пакуль забароненыя.