У гомельскіх крамах зьявяцца паліцы з бясплатнымі прадуктамі для бедных

Ілюстрацыйнае фота

Адразу ў трох крамах гомельскага акцыянэрнага таварыства «Цукаргандаль» зьявіцца «Паліцы дабра» зь бясплатнымі прадуктамі харчаваньня для бедных.

Пра дабрачынны праект абвясьціла абласная арганізацыя таварыства «Чырвоны Крыж».

Гараджанам прапануецца пакідаць на паліцах прадукты для маламаёмных людзей і бяздомнікаў, каб тыя маглі бясплатна ўзяць іх для свайго спажываньня.

Такія «паліцы» адкрыюцца 26 траўня ў крамах «Оксана» на вуліцы Барыкіна, «Дашенька» — на Менскай, «Наталья» — на вуліцы Ільіча. Калі праект пойдзе добра, «Чырвоны Крыж» мае распаўсюдзіць яго на ўсю Гомельскую вобласьць.

Гомельскі эканаміст Мікалай Новікаў кажа, што, канечне, добра, калі людзі будуць дапамагаць адзін аднаму ў складанай жыцьцёвай сытуацыі.

«Ідэя, канечне, неблагая. Але „паліцы дабра“ не ад дабра: дзяржава збанкрутавала як дзяржава сацыяльнай абароненасьці грамадзянаў. Трэба зазначыць, што і ўзровень заробкаў у рэгіёнах прыкладна на 40 адсоткаў ніжэйшы, чым у сталіцы. Некаторыя раёны Гомельшчыны — Кармянскі, Лоеўскі — стала прапісаліся ў „бедняках“. На жаль, улада цяпер не нясе належнай адказнасьці за зьбядненьне насельніцтва», — кажа эканаміст Новікаў.