«Працягнулі тэрмін сьледзтва яшчэ на 4 месяцы Андрэю, да 21.09... Няма слоў», — напісала жонка вязьня Ганна ў «Фэйсбуку».
Андрэя Дундукова, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў падрыхтоўцы да вулічных беспарадкаў і ва ўдзеле ў незаконным вайсковым фармаваньні, трымаюць ў СІЗА на Валадарскага. Арыштавалі Андрэя ў канцы сакавіка. Усяго ў «справе патрыётаў», якая распачалася перад Днём Волі пасьля заяваў Аляксандра Лукашэнкі пра наяўнасьць у лясах краіны «лягераў баевікоў», затрымана 16 чалавек. Шэсьць зь іх утрымліваюць ў СІЗА КДБ «амэрыканцы», астатніх — у «Валадарцы».
Грамадзкі прадстаўнік сем’яў затрыманых у «справе патрыётаў» Ніна Шыдлоўская так пракамэнтавала апошнія зьвесткі пра Андрэя Дундукова:
«Пакуль яшчэ ведаю толькі пра аднаго чалавека з тых, хто за кратамі, што яму таксама падоўжылі сьледзтва і, адпаведна, утрыманьне пад вартай. Але таму чалавеку працяг зрабілі на 2 месяцы. Што да фігурантаў „справы патрыётаў“, якія знаходзяцца пад падпіскай на волі, пра іх падобны зьвестак у мяне няма. Усе гэтыя людзі маўчаць, самі нічога пра сябе не паведамляюць, бо далі падпіску», — сказала Ніна Шыдлоўская.
Актывістка мяркуе, што цягам некалькіх дзён да іншых фігурантаў справы будуць выклікаць адвакатаў і паведамляць пра падаўжэньне расьсьледаваньня ці іншыя рашэньні.
«Справа відавочна развальваецца, але здаецца, што ўсіх выпусьціць яны ня могуць — так працуе мэханізм. Таму выбралі „хлопчыкаў для біцьця“, на якіх хоць нешта можна наскрэбці, якім давядзецца несьці адказнасьць за ўсіх. На адных можна нешта падрабіць, на іншых складаней, і адбываецца адсейваньне», — мяркуе Ніна Шыдлоўская.