Вярхоўная Рада Ўкраіны аднавіла абавязковыя квоты на ўзроўні 75 адсоткаў на ўкраінамоўную прадукцыю для ўсіх тэлевізійных ды радыёарганізацый, якія, па сутнасьці, былі скасаваныя ў 2012 годзе пасьля ўхваленьня закону «Аб прынцыпах дзяржаўнай моўнай палітыкі», што пашыраў выкарыстаньне расейскай ды і іншых нацыянальных моў у рэгіёнах.
Адпаведныя зьмены ў закон пра мову аўдыёвізуальных (электронных) сродкаў масавай інфармацыі падтрымалі 269 з 356 народных дэпутатаў, прысутных сёньня на паседжаньні парлямэнту. Супраць гэтых ініцыятыў выступіла толькі адна фракцыя — «Апазыцыйнага блёку». Пасьля завяршэньня працэдуры галасаваньня заля падтрымала гэтае рашэньне аплядысмэнтамі.
Згодна са зьменамі, на працягу сутак у кожным з прамежкаў часу з 7.00 да 18.00 і з 18.00 да 22.00 частка перадач або фільмаў на ўкраінскай мове мае складаць ня менш за 75 адсоткаў. Для рэгіянальных ды мясцовых каналаў тэлевізіі ды радыё абавязковая доля ўкраінамоўнага кантэнту вызначана на ўзроўні 50 адсоткаў.
У законе асобна вызначана і аналягічная частка для навінаў на дзяржаўнай мове. Пры гэтым удакладняецца, што перадача лічыцца ўкраінамоўнаю толькі пры ўмове, што ўсе выступленьні дыктараў (вядоўцаў) адбываюцца выключна на ўкраінскай мове. Пры гэтым заканадаўца дазволіў выкарыстаньне расейскай мовы без дубляваньня і агучваньня ў рэпартажах з месца падзей, калі яны не суправаджаюцца камэнтарамі або іншым тэкставым суправаджэньнем вядоўцы.
Адна з аўтарак прапанаваных зьменаў, старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях свабоды слова і інфармацыйнай палітыкі Вікторыя Сюмар мяркуе, што такім чынам сёньня дэпутаты аднавілі «гістарычную справядлівасць, таму што да 2012 году, гэта значыць да прыняцьця „закону Калеснічэнкі — Ківалава“, ва Ўкраіне дзейнічала норма пра 75 адсоткаў украінскай мовы на тэлевізіі».
«Усе каналы выконвалі гэтую норму і не было ніякіх праблем. Зараз за гэтыя чатыры-пяць гадоў адбыўся фантастычны адкат. Некаторыя каналы маюць толькі 12 адсоткаў украінскай мовы», — сказала Вікторыя Сюмар.