У пракуратуры абяцаюць разглядзець заяву Бяляцкага пра катаваньні фігурантаў «справы патрыётаў»

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зьвярнуўся да генпракурора Беларусі Аляксандра Канюка зь лістом, у якім просіць праверыць зьвесткі аб магчымых катаваньнях затрыманых фігурантаў «справы патрыётаў» у вязьніцах КДБ і міліцыі.

Алесь Бяляцкі

«Як прадстаўнік праваабарончай супольнасьці Беларусі, я вельмі занепакоены зьяўленьнем інфармацыі аб магчымым выкарыстаньні недазволеных мэтадаў у дачыненьні да абвінавачаных у гэтай справе. Асабліва ўлічваючы той факт, што інфармацыя аб катаваньнях у СІЗА КДБ, агучаная кандыдатам у прэзыдэнты Алесем Міхалевічам, у свой час знайшла сваё пацьверджаньне», — сказана ў лісьце Алеся Бяляцкага.

Пра катаваньні фігурантаў «справы патрыётаў», былых актывістаў цяпер неіснуючай арганізацыі «Белы легіён», заявіў колішні кіраўнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў (Бульба).

Сяргей Чыслаў

«Выпускаюць тых, хто ніякім чынам ня ўпісваецца ў справу, сшытую белымі ніткамі. І нават улічваючы тое, што ў дачыненьні да хлопцаў прымяняліся катаваньні ды псыхатропныя сродкі, сьледчыя органы не знаходзяць ніякіх нагодаў, каб абʼяднаць усё ў адзіную справу. Некалькі чалавек былі выпушчаныя паводле стану здароўя, і пасьля пабояў яны там ледзь не памерлі, таму іх прадбачліва выпусьцілі. Паводле нашай інфармацыі, у іх тэндэнцыя 6-7 чалавек затрымаць надоўга, а іншых, верагодна будуць патроху вызваляць», — казаў Сяргей Чыслаў 19 траўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, які таксама не выключае фактаў катаваньня фігурантаў «справы патрыётаў», у лісьце да Аляксандра Канюка ў тым ліку спаслаўся на службовыя відэаздымкі пра затрыманага Міраслава Лазоўскага, паказаныя па БТ.

«Так, адзін з затрыманых у справе Міраслаў Лазоўскі, як вынікае зь сюжэту, паказаным па нацыянальным тэлебачаньні, падчас затрыманьня быў зьбіты, на твары былі сьляды крыві і пабояў. Між тым законнасьць і неабходнасьць прымяненьня да яго фізычнай сілы супрацоўнікамі міліцыі павінны строга адпавядаць патрабаваньням дзейнага заканадаўства, ня мець характару зьдзекаў і катаваньняў», — лічыць Алесь Бяляцкі і заклікае генпракуратуру прыняць па выніках праверкі захады пракурорскага ўзьдзеяньня, каб падобнае больш не паўтаралася.

Атрымаць камэнтар наконт заяваў пра меркаваныя катаваньні ў СІЗА КДБ ад прэсавай службы КДБ пакуль не ўдалося. Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч на просьбу пракамэнтаваць зьвесткі пра меркаваныя катаваньні фігурантаў справы «Белага легіёну» сказаў: «А чаго вы нам звоніце? Званіце ў пракуратуру. Будзе да нас зварот, будзем камэнтаваць».

Прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Пётра Кісялёў запэўніў карэспандэнта Свабоды, што «заява Алеся Бяляцкага ў законным парадку будзе разгледжаная».