Расейскіх паралімпійцаў папярэдзілі аб магчымасьці адхіленьня і ад зімовых гульняў

Міжнародны паралімпійскі камітэт заявіў, што існуе «вялікая верагоднасьць» таго, што прадстаўнікоў Расеі не дапусьцяць і на зімовыя Паралімпійскія гульні 2018 гадоў ў Паўднёвай Карэі праз допінг.

Як заявілі ў МПК, каб пазьбегнуць недапушчэньня да гульняў у Пхёнчхане, Расея павінна «цалкам выканаць свае абавязаньні» да пачатку верасьня гэтага году.

«Гэта яшчэ ня тое каб апошняе папярэджаньне, але гэта сыгнал, што час бяжыць хутка. Кожны дзень, што мінае — гэта час, каб усё ўладзіць», — заявіў прэзыдэнт МПК Філіп Крэйвэн.

Расейскі паралімпійскі камітэт заяўляе, што выканаў 62 з 67 крытэраў, якія патрабуе МПК для аднаўленьня яго паўнамоцтваў.

У студзені Міжнародны паралімпійскі камітэт не дапусьціў расейскіх паралімпійцаў да кваліфікацыі на зімовыя Паралімпійскія гульні 2018 году ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане праз абвінавачваньне, зьвязанае з выкрытай у расейскім спорце шырокай дзяржаўнай праграмай прымяненьня допінгу.

Раней Міжнародны паралімпійскі камітэт дыскваліфікаваў Паралімпійскі камітэт Расеі і адхіліў расейскіх спартоўцаў ад удзелу ў Паралімпійскіх гульнях 2016 году ў Рыё-дэ-Жанэйра па выніках разгляду дакладу незалежнай камісіі Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва.

Як высьветліла міжнароднае расьсьледаваньне, у Расеі на працягу некалькіх гадоў шырока ўжывалася праграма ўжываньня допінгу расейскімі спартоўцамі, якую падтрымлівае расейская дзяржава, і ўтойваньня гэтага ці падмены пробаў дзякуючы супрацоўніцтву расейскіх спэцслужбаў і лябараторый. Праз гэта шэраг міжнародных спартыўных асацыяцый, Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны паралімпійскі камітэт зьвярнуліся да шырокіх санкцыяў у дачыненьні да расейскага спорту. У прыватнасьці, да летніх Алімпійскіх гульняў 2016 году ў Бразыліі не былі дапушчаныя расейскія лёгкаатлеты і многія іншыя спартоўцы, а да летніх Паралімпійскіх гульняў 2016 году не дапусьцілі ўсіх расейскіх паралімпійцаў.