Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон 29 траўня прыме ў Парыжы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Інфармацыю пра гэта пацьвердзілі ў Элізэйскім палацы. Раней паведамленьне пра візыт Пуціна ў Францыю пацьвердзіў Крэмль.
Прэс-служба Пуціна заяўляе, што ён мае намер абмеркаваць з Макронам расейска-францускае супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёвай і культурнай сфэрах. Кіраўнікі дзяржаў разгледзяць пытаньні сумеснай барацьбы з тэрарызмам і ўрэгуляваньне крызысаў у Сырыі і ва Ўкраіне.
Раней паведамлялася, што падставай для візыту прэзыдэнта Расеі будзе адкрыцьцё ў Вэрсалі выставы, якая прымеркавана да 300-годзьдзя візыту ў Францыю расейскага цара Пятра Першага і ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Расеяй і Францыяй.