Як паведамляе прэсавая служба Палаты прадстаўнікоў, старшыня ніжняй палаты Ўладзімер Андрэйчанка возьме ўдзел у інаўгурацыі новага прэзыдэнта Эквадору Леніна Марэны. Цырымонія заплянаваная на 24 траўня.
Асноўным канкурэнтам уладнага вылучэнца быў экс-міністар эканомікі Эквадору, банкір, заснавальнік дэмакратычнага руху CREO Гільерма Ляса.
Першы тур пераможцу ня выявіў, у другім з розьніцай у 3% першым стаў Марэна — віцэ-прэзыдэнт ва ўрадзе Рафаэля Карэа, спэцпасланьнік Генэральнага сакратара ААН у пытаньнях інваліднасьці і даступнасьці. У 1998-м ён стаў ахвярай узброеных рабаўнікоў і 20 год перасоўваецца ў інвалідным вазку.
У перадвыбарнай праграме Ленін Марэна запэўніў, што працягне справу «сацыялістаў ХХІ стагодзьдзя».
Аляксандар Лукашэнка павіншаваў лацінаамэрыканскага калегу, заявіўшы, што ягоная перамога «пацьвердзіла шырокую падтрымку эквадорскім народам высакародных ідэяў праекту «Грамадзянская рэвалюцыя».