Суд таксама абавязаў Васіля Парфянкова ўтрымацца ад кантактаў са сьведкамі і пацярпелым у справе пра беспарадкі ў Кіеве 9 траўня падчас масавых мерапрыемстваў, прымеркаваных сьвяткаваньню Дня Перамогі над нацызмам у Другой сусьветнай вайне.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў для кантролю за ягонымі паводзінамі маюць права наведваць жыльлё, у якім ён знаходзіцца пад арыштам, патрабаваць вусных ці пісьмовых тлумачэньняў у пытаньнях, зьвязаных з выкананьнем ускладзеных на яго абавязкаў.
Згодна з рашэньнем суду, Васіль Парфянкоў здаў сьледчаму ў справе свае дакумэнты, на падставе якіх ён можа выехаць за мяжу Ўкраіны.
Як вынікае з судовага рашэньня, абнародаванага ў Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны, Васіль Парфянкоў неўзабаве стане бацькам: жанчына, зь якой ён жыве ў грамадзянскім шлюбе, чакае дзіця.
Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, беларускі добраахвотнік, «груба парушаючы грамадзкі парадак, маючы намер груба парушыць грамадзкі парадак з матываў яўнай непавагі да грамадзтва, якая суправаджалася асаблівай дзёрзкасьцю ... з мэтай сарваць мірную акцыю пачаў выказваць абразы і пагрозы ў адрас супрацоўнікаў паліцыі і не рэагаваў на іхныя заўвагі. Усьведамляючы магчымыя наступствы, чынячы супраціў работнікам паліцыі, якія спрабавалі спыніць ягоныя хуліганскія дзеяньні, запаліў і кінуў дымавую шашку у строй паліцэйскіх, якія ахоўвалі грамадзкі парадак». Як адзначаецца ў рашэньні суду, шашка трапіла «у вобласьць галавы» супрацоўніка паліцыі Львоўскай вобласьці, прычыніўшы яму цялесныя пашкоджаньні.
Васіль Парфянкоў абвінавачваецца ва ўчыненьні дзеяньняў, якія пагражаюць грамадзкаму парадку паводле артыкулу 296 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, што прадугледжвае пакараньне як у выглядзе штрафу, арышту да 6 месяцаў, так і пазбаўленьне волі на тры гады.
Беларускі добраахвотнік быў затрыманы 9 траўня, а 11 траўня суд ухваліў рашэньне пра яго ўтрыманьне пад кругласутачным хатнім арыштам на два месяцы.
Раніцай 9 траўня паліцыя заблякавала кіеўскі офіс арганізацыі «Добраахвотніцкі рух «АУН», якая плянавала перашкодзіць правядзеньню акцыі «Несьмяротны полк» у Кіеве. Актывісты сабралі «усіх патрыётаў», каб «сустрэць вату па-казацку», аднак празь немагчымасьць пакінуць памяшканьне сталі кідаць з вокнаў бульбу і пакеты з фарбай у калёну дэманстрантаў.
Як расказвалі відавочцы, каля дзевяці гадзін раніцы ў кірунку праваахоўнікаў з акна офісу руху паляцела дымавая шашка. Праз паўгадзіны да месца падзей прыехала сьледча-апэратыўная група і склала пратаколы аб правапарушэньнях у дачыненьні да 13 асобаў, з 11 правялі прафіляктычныя размовы, а Васіля Парфянкова затрымалі.