Апроч спартовых дасягненьняў, Віктар Купрэйчык быў вядомы сваёй грамадзянскай пазыцыяй.
Так, у 1997 годзе ён прагаласаваў супраць таго, каб замест заўчасна памерлага прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Ўладзімера Рыжанкова месца заняў Аляксандар Лукашэнка. Тады са 117 удзельнікаў сэсіі 114 аддалі галасы за Лукашэнку, адзін устрымаўся, і толькі двое — Віктар Купрэйчык і гімнастка Алена Ваўчэцкая — былі супраць.
Сам Купрэйчык у гутарцы з Радыё Свабода сваё рашэньне тлумачыў не асабістым непрыняцьцем Лукашэнкі, а неабходнасьцю выконваць прынцыпы Алімпійскай хартыі, дзе сказана: пасаду ня могуць займаць людзі, якія знаходзяцца ў афіцыйных званьнях.
«На чале з прэзыдэнтам краіны камітэт непазьбежна ператворыцца ў дзяржаўную ўстанову», — казаў ён.
«Мая пазыцыя толькі ўмацавалася, стала нават больш жорсткай, — гаварыў Купрэйчык у адным з апошніх інтэрвію карэспандэнту Свабоды. — Фактычна здарылася тое, пра што я і папярэджваў. Цяпер як паглядзіш, то спортам камандуюць то танкісты, то пажарныя. Рашэньні, якія прымаюць людзі, бясконца далёкія ад спорту, часьцяком проста валюнтарысцкія. Усе гэтыя „давай, давай“ не прыносяць спорту ніякай карысьці».
Віктар Купрэйчык меў пазытыўнае стаўленьне да нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў, ён наведваў Курапаты. Быў перакананы, што спробы дзяржаўных ідэолягаў адгарадзіцца ад сталінскіх рэпрэсіяў яскрава дэманструюць сутнасьць цяперашняга палітычнага рэжыму; выказваўся супраць узьвядзеньня побач з Курапатамі забаўляльнага комплексу:
«Я сапраўды там бываю, — прызнаваўся Віктар Курэйчык. — І бываць там трэба ўсім, каму неабыякавая Беларусь. На жаль, у нас чыноўнікі, ад якіх залежыць прыняцьце рашэньняў, больш думаюць пра сябе любімых. Гэта тычыцца ня толькі першай асобы, але і іншых, хто інтэграваўся ў вэртыкаль улады. І паміж клопатам пра сябе людзі зусім забываюцца пра гісторыю, пра трагічны лёс на пэўным этапе. Мэмарыял у Курапатах абавязкова патрэбен, і ён павінен быць прынамсі ня горшы, чым у Хатыні. Таму што таксама трагедыя. Дый пра што казаць, калі забыліся пра Васіля Быкава, як такое ўвогуле магчыма? Проста бескультур’е, падкрэсьліваем сваю дрымучасьць. Зрэшты, ня мы, не беларускія людзі, а менавіта вышэйшае кіраўніцтва, якое на ўсіх паверхах дэманструе сваю неадукаванасьць».
Віктар Купрэйчык падтрыміваў стасункі з Уладзімерам Някляевым і падтрымаў яго на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году:
«Такія, як я, адносяцца да пакаленьня, якое ўжо адыходзіць, на жаль, — казаў Віктар Купрэйчык. — Але мая грамадзянская пазыцыя застаецца нязьменнай: мы, шахматысты, хоць і любім рабіць нейкія высновы, нешта пралічваць наперад, але пазыцыю, як правіла, не зьмяняем».
У 2013 годзе Кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі шахматаў (FIDE) пастанавіў уключыць у сваю Залю славы выдатнага беларускага шахматыста Віктара Купрэйчыка. Гэта першы і адзіны беларускі шахматыст, які атрымаў такі гонар. Такім чынам ацэненыя заслугі беларуса, які ў 28 гадоў атрымаў званьне міжнароднага майстра, а ў 30 стаў гросмайстрам FIDE. Да канца жыцьця ён заставаўся адным зь лідэраў беларускіх шахматаў.
Віктар Купрэйчык — пераможца і прызэр больш як 70 міжнародных турніраў у складзе зборных камандаў СССР і Беларусі. У 1980-я ўваходзіў у камандны штаб аднаго з наймацнейшых шахматыстаў сьвету Васіля Смыслова, якому супрацьстаяў малады вундэркінд Гары Каспараў.
Знаўцы шахматаў характарызуюць Віктара Купрэйчыка як гульца яскравага камбінацыйнага стылю з багатай фантазіяй і нешаблённым мысьленьнем. Ён да канца ўдзельнічаў у турнірах для вэтэранаў, зьбіраючы вышэйшыя тытулы на эўрапейскіх першынствах сярод «сэньёраў» — тых, каму за 60.
Апошнім часам Віктар Давыдавіч пасьля чэрапна-мазгавой траўмы моцна хварэў. 3 ліпеня яму споўнілася б 68 гадоў.