Прадстаўнікі мясцовага бізнэсу, акадэмічнай і грамадзянскай супольнасьці абмяркуюць канцэпцыю стратэгіі рэгіянальнага разьвіцьця, падрыхтаваную Навукова-дасьледчым інстытутам эканомікі Міністэрства эканомікі Беларусі.
Выступяць экспэрты Дасьледчага цэнтру Інстутыту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту (ІПМ), Міністэрства эканомікі, Міжнароднай фінансавай карпарацыі (МФК) і г.д. Вынікі рэгіянальных кансультацый будуць выкарыстаныя Міністэрствам эканомікі ў падрыхтоўцы дакумэнтаў у галіне рэгіянальнай палітыкі.
За макраэканамічнымі паказьнікамі хаваюцца праблемы рэгіёнаў
Першым пунктам на шляху экспэртаў 23 траўня стане Горадня. Заяўленая тэма канфэрэнцыі «Вяртаньне да росту: пошук рашэньняў для рэгіянальнага разьвіцьця». Месца правядзеньня — адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвэст».
Тэматычныя даклады прадставяць старшыня камітэту эканомікі Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Сьвірыдаў, намесьніца дырэктара НДЭІ Міністэрства эканомікі Натальля Берчанка, дырэктар Дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык, асацыяваны экспэрт ІПМ Антон Даўгавечны, эканаміст ІПМ Глеб Шымановіч, дарадца прадстаўніцтва МФК у Беларусі Андрэй Смольскі, загадчык Гарадзенскага рэгіянальнага цэнтру Інстытуту эканомікі Валер Ботвіч ды іншыя.
Аляксандар Чубрык, адзін зь ініцыятараў правядзеньня Кастрычніцкага эканамічнага форуму, які штовосень зьбірае ў Менску вядучых экспэртаў зь Беларусі і замежжа, дзяржаўных і незалежных аналітыкаў, расказаў Свабодзе, як узьнікла ідэя пашырыць рамкі форуму на рэгіёны краіны:
«Ідэя таго, каб шчыльней паглядзець на рэгіёны, нарадзілася даволі даўно. Яшчэ ў 2013 годзе былі праведзеныя невялікія сэмінары ў абласных цэнтрах, мы падрыхтавалі дасьледаваньне аб рэгіянальнай канкурэнтаздольнасьці. Тады міністрам эканомікі быў Мікалай Снапкоў, ён падтрымаў ініцыятыву прэзэнтаваць праграму як мага больш шырока.
Справа ў тым, што калі эканамісты працуюць зь нейкімі паказьнікамі — перадусім макраэканамічнымі — за агульнымі сярэднім лічбамі не відаць, што сытуацыя куды больш разнастайная. Ня тое што Менск жыве добра, а рэгіёны — кепска. Так, сытуацыя неадназначная, бо рэгіёны існуюць у адным сьвеце, цэнтар — у сваім, і адзін пра другога ня вельмі абазнаныя, што дзе адбываецца. Зараз Міністэрства эканомікі пачынае распрацоўку стратэгіі рэгіянальнага разьвіцьця, што пасуе такога кшталту кансультацыям».
Эканаміст удакладняе, што рэгіянальныя кансультацыі ў рамках Кастрычніцкага эканамічнага форуму перасьледуюць шэраг канкрэтных задач, якія мусяць зрабіць больш зразумелай і празрыстай палітыку ўзаемаадносінаў цэнтру зь лякальнымі тэрыторыямі:
«Мэта досыць простая. Па-першае, стварыць пляцоўкі для таго, каб абмяркоўваць на рэгіянальным узроўні тое, што робіцца ў нацыянальнай эканоміцы і як гэта адбіваецца на лякальным узроўні. Па-другое, зьбіраць зваротную сувязь наконт таго, як захады на цэнтральным узроўні рэзануюць на рэгіёнах, што трэба рабіць у такой сытуацыі.
Напрыклад, калі мы рыхтавалі дасьледаваньне ў 2013 годзе, адна з істотных высноў палягала ў наступным: бізнэсу ў рэгіёнах больш за ўсё замінаюць рэчы, не зьвязаныя з рэгіянальным разьвіцьцём, а якраз тыя, якія грунтуюцца на макраэканамічнай, інстытуцыянальнай палітыцы на цэнтральным узроўні. Кшталту высокай інфляцыі і г.д. А што тычыцца ўласна рэгіёнаў, стасункі зь мясцовымі ўладамі, асяродкам для функцыянаваньня на разьвіцьцё бізнэсу ўплывалі станоўча. Практычна ўсюды дзелавыя людзі адзначалі, што мясцовая вэртыкаль разьвіцьцю якраз спрыяе, ёй гэта выгадна».
Мінэканомікі мусіць мець зваротную сувязь на месцах
Паводле Аляксандра Чубрыка, цяпер складваецца спрыяльная сытуацыя для таго, каб рэгіёны самі маглі вызначаць, якія сфэры паставіць у лік прыярытэтных, а ад якіх варта адмовіцца. Пакуль дзейнічае плянавая цэнтралізаваная «ўраўнілаўка», эканамічнага прарыву на месцах чакаць складана.
«З гэтага гледзішча ня толькі цікава, але і істотна не ўпусьціць той момант, калі ўрад распрацоўвае сваю стратэгію рэгіянальнага разьвіцьця, каб было ўзятае да ўвагі найперш тое, што важна для рэгіёнаў. Адпаведна, добры момант, каб паехаць і паспрабаваць усё абмеркаваць на месцах. Якраз будзе прэзэнтавацца канцэпцыя, пра яе падрабязна раскажа Натальля Берчанка з НДІ Мінэканомікі.
Наогул ідэя такая: калі рэгіянальная палітыка распрацоўваецца на цэнтральным узроўні, ёсьць рызыка, што недастаткова будзе прынятая да ўвагі фактычная сытуацыя ў рэгіёнах. То бок, трэба ўлічваць ня толькі тое, што некаму бачыцца з цэнтру. Сёньня ўжо ёсьць разуменьне таго, што неабходна мець добрую зваротную сувязь на месцах у Мінэканомікі. Ёсьць у гэтым таксама і наш інтарэс, бо з таго невялікага досьведу працы на рэгіянальным узроўні добра відаць (што адзначаў і бізнэс, і выканаўчыя ўлады), як я называю, мясцовы патрыятызм на ўзроўні раёну, вобласьці. Ён нашмат больш разьвіты, чым у Менску. Тут жывеш і жывеш, а там спрабуеш нешта палепшыць, спрыяеш любым станоўчым зьменам. Уцягнутасьць у разьвіцьцё ўласнага рэгіёну істотна вышэйшая».
З Горадні каманда эканамістаў выправіцца ў Берасьце, там да выступоўцаў далучыцца старшыня камітэту эканомікі Берасьцейскага аблвыканкаму Міхаіл Бацэнка.
Праца будзе весьціся на трох тэматычных панэлях: «Ад аднаўленьня макраэканамічнай стабільнасьці да аднаўленьня росту: вынікі і кірункі эканамічнай палітыкі», «Reality check: сытуацыя ў рэгіёне на фоне сытуацыі ў краіне», «Стратэгія рэгіянальнага разьвіцьця: стварэньне магчымасьцяў ва ўмовах жорсткіх бюджэтных абмежаваньняў».