Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў саміту, Дональд Трамп заявіў, што прывёз з сабой са Злучаных Штатаў пасланьне надзеі і любові. Ён падкрэсьліў, што менавіта гэтым тлумачыцца той факт, што яго першая замежная паездка як прэзыдэнта адзначылася візытам у Саудаўскую Арабію.
Кровапраліцьце і тэрор стрымліваюць разьвіцьцё патэнцыялу блізкаўсходняга рэгіёну, канстатаваў прэзыдэнт Трамп.
Ён заявіў, што ЗША імкнуцца стварыць кааліцыю краінаў, «якія падзяляюць агульную мэту — выкараненьне экстрэмізму», і назваў гэтую барацьбу «бітвай дабра і зла».
«Гэта не барацьба паміж рознымі вераваньнямі, рознымі канфэсіямі або рознымі цывілізацыямі, — падкрэсьліў Трамп. — Гэта бітва паміж варварамі-злачынцамі, якія хочуць разбурыць чалавечае жыцьцё, і прыстойнымі людзьмі ўсіх рэлігій, якія хочуць яго абараніць».
«Амэрыка ня раз пацярпела ад варварскіх нападаў — ад зьверстваў 11 верасьня да разбуральнага бостанскага выбуху і жахлівых забойстваў у Сан-Бэрнардына і Арланда», — нагадаў прэзыдэнт ЗША.