Прапанова «адмовіцца ад нацыяналізму» нагадала мне пра адну гарадзкую маму, якая саромелася вымавіць слова «туалет» і вучыла малое дзіця хадзіць «у аптэчку».
Іншая дама аж сьціналася ўся, пачуўшы ад каляжанкі слова «грудзі». А яшчэ ў школе аднаго майго аднаклясьніка пачынала ванітаваць ад аднаго слова «сэкс».
Спроба пераканаць сябе, што чагосьці ня будзе, калі яго не называць, альбо што гэтае штосьці можна такім чынам «акультурыць», «зьмякчыць», нівэляваць – толькі ілюзія. Бо нікуды ня дзенесься без прыбіральні, без інтымных месцаў, хоць ты іх і прыкрываеш на людзях, і сэкс у СССР, праўду кажучы, быў. Гэта прырода. І нацыяналізм, як яго ні называй, каранямі ўзыходзіць да прыроды чалавека, да ягонай сувязі з роднай зямлёй, сьпевам птушак, шумам ветру ў соснах і тым адмысловым бляскам сонца ў хвалях, якога не бывае больш нідзе на сьвеце.
Многім з нас, мне ў тым ліку, будучыня бачыцца ў дасьпяваньні сучаснае беларускае нацыі. А слова «нацыя» таксама шмат у каго выклікае рэакцыю адчужэньня. Давайце жыць так, як жывем, бяз нацыі. І без асаблівых відаў на будучыню. Прынамсі, на разьвіцьцё, на пазытыўны працяг. Калі хочаце, на рэформы.
Тое, што ў Францыі «словы, якія пісаліся крывёю сэрца, пазбаўляюцца ўсякага сэнсу» (Камю), зусім ня значыць, што туалет цяпер трэба называць аптэчкай, што «секса нет», а грудзі – гэта «срамное» слова. Францыя перажыла станаўленьне паўнавартаснай сучаснай нацыі і цяпер можа сабе дазволіць круціць носам ад «нацыяналізму», хоць тамтэйшая палітыка падтрымкі францускае мовы, напрыклад, і ёсьць нішто іншае як нацыяналізм, прыярытэтны клопат пра сваё. Беларусь да такога клопату яшчэ не дайшла. Таму словы «нацыя» і «нацыяналізм» – з нашага актуальнага лексыкону, як бы ня дзерлі яны камусьці слых. Мы проста называем рэчы сваімі імёнамі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.