Гараскоп Свабоды: Блізьняты

Надыходзіць час Блізьнятаў. Як рыхтавацца? На што спадзявацца і куды падсьцілаць саломку? Беларусы робяць свае прагнозы і складаюць гараскоп надзеяў на гэты год.

Алесь Камоцкі, бард

Your browser doesn’t support HTML5

Гараскоп Свабоды. Алесь Камоцкі

Прадстаўнікам задыякальнага дому Блізьнятаў у чэрвені будзе няпроста, асаблівыя цяжкасьці пачнуцца ў першай дэкадзе і атрымаюць сваё разьвіцьцё ў другой і трэцяй. Блізьнятам увогуле складана жыць, бо пастаянна трэба ўсё, што ёсьць, бывае і адбываецца, то множыць на два, то дзяліць на тыя ж два. Калі дзяліць, а калі множыць, становіцца ясна толькі пасьля таго, як усё скончыцца.

Некаторыя прадстаўнікі знаку сутыкнуцца зь неабходнасьцю тэрміновага вырашэньня фінансавых праблемаў, хутчэй за ўсё гэта будуць вельмі складаныя падлікі нечаканых даходаў. У астатніх намячаецца паступовы пераход да фінансавай стабільнасьці, а гэта значыць, што пазыкі, якія меліся, так пазыкамі і застануцца. Увогуле, што тычыцца пазыкаў, то ня варта праяўляць неабдуманай актыўнасьці ў іх выплочваньні, бо гэта можа адмоўна адбіцца на дабрабыце.

Што да працы і кар’еры, то добрае плянэтарнае ўзьдзеяньне дапаможа вашаму імкліваму руху ўгору. Але, на жаль, гэта будзе дзейнічаць пакуль толькі ў ліфце. Дарэчы, пакіньце намаганьні даехаць да дзявятага паверху, калі будынак пяціпавярховы.

Новыя прызначэньні чакаюць вас у гэтым месяцы. Хутчэй за ўсё, вам прызначаць псыхатэрапэўтычныя працэдуры.

Што тычыцца побыту, то і там не абыдзецца без праблемаў кшталту адсутнасьці гарачай вады.

Пры паездцы на ровары самым галоўным будзе, каб яго ня скралі каля крамы.

Паступова адвыкайце баяцца сурокаў.

Прачытайце кніжку.

Калі маеце ўстаўныя зубы, то чэрвень — найлепшы час занесьці іх у рамонт.

А ўвогуле, беражыце сябе, абодва свае бакі. І тады ніколі ня будзе так, што з аднаго боку ня надта, а з другога не зусім.

Марына Шода, перакладчыца, выкладчыца гісторыі сусьветнай літаратуры і культуры

Your browser doesn’t support HTML5

Гараскоп Свабоды. Марына Шода

22 траўня сонца ўваходзіць у знак Блізьнятаў — пераменлівы, як травеньскае надвор’е, якое абавязкова яшчэ хоць разочак, але прымусіць нас апрануць палітоны. Хоць шалікі, швэдры і пальчаткі ўжо сьмела можна хаваць да наступнай восені.

Блізьняты заўсёды імкнуцца да свабоды. Менавіта гэты знак адказвае за той момант, калі расчыняцца дзьверы школаў і на злом галавы на прастор, на шырокі прастор зь першабытным крыкам «Ура! Канікулы пачаліся!» вырвецца племя маладое, незнаёмае. Таму ў гэты час рэкамэндуецца быць асабліва асьцярожнымі кіроўцам разнастайнага транспарту. Ім варта перасоўвацца па вёсках і гарадах Беларусі крадком, на хуткасьці 40 (а лепш 20) км/г, азіраючыся на 360 градусаў і выкарыстоўваючы ўсе люстэркі задняга і бакавога агляду.

Блізьняты — аматары паездак і падарожжаў. У канцы траўня гарантавана пачнуць падвісаць сайты, якія спэцыялізуюцца на пошуку білетаў, гатэляў і цікавых маршрутаў. У кішэнях, гаманцах і на банкаўскіх рахунках непазьбежна зьявяцца прарэхі. Бо ўся краіна ў адзіным парыве пачне думаць пра адпачынак.

Адпачынак здарыцца нават у зацятых садаводаў-агароднікаў, бо канец траўня — пачатак чэрвеня — гэта адзіны час, калі можна, мэдытатыўна склаўшы рукі, чакаць, як зь зямлі палезе ўсё, што пасаджана і пасеяна, а разам з тым жыгучка, дзядоўнік і калярадзкія жукі.

Блізьняты — знак, які імкнецца да ведаў. І мы прагназуем гарачую пару на палетках у іншых рупліўцаў — сейбітаў разумнага, добрага, вечнага. Падчас летняй сэсіі выкладчыкі будуць мець магчымасьць назіраць, ці прыжылося і прарасло тое, што яны сеялі цягам навучальнага году. Яшчэ гарачэйшым будзе гэты час для студэнтаў. Адкрыецца сэзон паляваньня на няўлоўнага зьвера — халяву. Тым, хто падчас паляваньня ўжывае народныя сродкі, можам параіць стары дзедаўскі спосаб. Калісьці халяву прыцягвала манэтка-пятак, на час іспытаў падкладзеная пад пятку. Пасьля працяглага пэрыяду панаваньня папяровых грошай самы час вярнуцца да гэтай традыцыі. Толькі спачатку экспэрымэнтальным шляхам варта вызначыць, якая з новых беларускіх манэтак найбольш прывабная для халявы.

Увогуле ж Блізьняты будуць спрыяць ва ўсіх пачынаньнях перадусім людзям шчырым, сумленным, прыязным, працалюбівым, творчым — гэта значыць тым, каму спрыяюць і ўсе астатнія знакі задыяку.

Парада месяца — перад ад’ездам у адпачынак не забудзьце праверыць, ці дарабілі вы ўсе справы на працы і ці выключылі ўсе фаеркі на кухні.

Дзяніс Садоўскі, адказны сакратар партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»

Your browser doesn’t support HTML5

Гараскоп Свабоды. Дзяніс Садоўскі

Чаго чакаць у наступны месяц? Калі проста сядзець і чакаць, то нічога добрага вы дакладна не дачакаецеся. Няхай вам у прыклад будзе гурт «Наві», які так цудоўна прэзэнтаваў Беларусь і беларускую мову на «Эўравізіі».

Не бярыце прыкладу з нашай хакейнай зборнай, калі ня хочаце, каб вас называлі «стыдобішчам».

Вядзіце здаровы лад жыцьця, займайцеся спортам і як мага больш часу прысьвячайце сваёй сям’і. Калі будзеце так рабіць, тады, магчыма, Беларусь перастане займаць перашае месца па колькасьці спажываньня алькаголю.

Калі вы бацькі і вашы дзеці ходзяць у школу, то да верасьня ў вас ёсьць некалькі месяцаў, каб знайсьці новую працу там, куды трэба зьяўляцца не раней за 9.30. А калі ня знойдзеце, то як вы будзеце ў наступным навучальным годзе заводзіць вашых дзетак у школу да 9-й? Галоўны вучань Коля не высыпаецца, таму прыйдзецца і вам неяк да гэтага прыстасоўвацца.

Гэты месяц будзе сьвяточным для большасьці беларусаў. Чаму? Бо 24 траўня споўніцца 100 гадоў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і гэтую падзею, вядома ж, мы мусім годна адсьвяткаваць!

Але галоўнае, як і заўсёды, не зважаючы ні на якія знакі задыяку, трэба настройвацца на пазытыў, не ленавацца і рупліва працаваць. Няхай Госпад Бог дапамагае вам ва ўсіх вашых справах.