Як паведамляе прэс-служба НАК Беларусі, цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця пройдуць на рэканструяваным стадыёне «Дынама», а некаторыя спаборніцтвы могуць пачацца 20 чэрвеня — за дзень да афіцыйнага старту гульняў.
Чакаецца, што рэканструкцыя стадыёну «Дынама» завершыцца ў канцы 2017 году. На «Дынама» адбудуцца спаборніцтвы ў лёгкай атлетыцы. «Менск-Арэна» прыме турніры ў спартовай і мастацкай гімнастыцы, акрабатыцы і скачках на батуце.
На вэладроме «Менск-Арэны» пройдуць гонкі на трэку і спаборніцтвы ў бадмінтоне. Шашовыя роварныя гонкі адбудуцца на вуліцах горада, а на «Palova-Арэне» (пляцоўка каля Палаца спорту) будуць арганізаваныя спаборніцтвы ў баскетболе 3×3. Турнір баксэраў прыме Палац спорту «Ўручча», а спаборніцтвы ў вольнай, грэка-рымскай, жаночай барацьбе і самба — «Чыжоўка-Арэна». Спаборніцтвы ў спрынтэрскім каноэ пройдуць на вясьлярным канале ў Заслаўі, каратэ і дзюдо — у Палацы спорту. Матчы пляжнага футболу і пляжнага валейболу прыме САК «Алімпійскі», спаборніцтвы ў стральбе пройдуць у Sporting Club, настольным тэнісе — у Falcon Club, стральбе з лука — на пляцоўках футбольнага клюбу «Менск».
Усяго праграма Эўрапейскіх гульняў уключае спаборніцтвы ў 16 відах спорту, 11 зь іх будуць кваліфікацыйнымі да Алімпіяды-2020. Выключэньне складуць гімнастыка і барацьба, а таксама баскетбол 3×3, самба і пляжны футбол, ня ўключаныя ў алімпійскую праграму.
Спартоўцы разьмесьцяцца ў студэнцкай вёсцы. Чакаецца, што ў другіх Гульнях возьмуць удзел 4 тысячы спартоўцаў і 2 тысячы афіцыйных асобаў.
Дэвізам Эўрапейскіх гульняў — 2019 будзе Bright You ( «Яркі ты»), у скарочаным выглядзе — BY.
Першыя Эўрапейскія гульні прайшлі ў 2015 годзе ў сталіцы Азэрбайджану Баку.