Штогод у Беларусі большае людзей, якія ня хочуць жыць у цесным хаўрусе з Расеяй, лічыць Пятро Краўчанка, міністар замежных спраў у 1990-1994 гадах. Пра тое, як зьмянялася месца Беларусі на міжнароднай арэне ад часоў незалежнасьці да цяперашняга часу, і якой ён бачыць будучыню краіны, ён распавёў Свабодзе падчас міжнароднай канфэрэнцыі «25 год зьнешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь».
— Спадар Пётра, вы былі першым міністрам замежных спраў Беларусі. Якой вы бачылі будучыню зьнешняй палітыкі краіны ў той час, і ці вашыя прагнозы спраўдзіліся?
— Мае чаканьні спраўдзіліся. Мы прайшлі вельмі нялёгкі шлях. У нас не было кансэнсусу па геапалітычных пытаньнях. Як, дарэчы, ня ў поўнай меры такі кансэнсус ёсьць сёньня. Мы заўсёды былі паміж молатам і кавадлам, паміж двума вялікімі суседзямі. Праблема геапалітычнага выбару была вельмі актуальнай акурат тады — пасьля Белавескага пагадненьня, калі мы прыйшлі да рэальнага сувэрэнітэту і незалежнасьці.
У той час у нас былі пэўныя падыходы, зьвязаныя з уступленьнем у Эўразьвяз. Як быццам усё складвалася нядрэнна. У нас быў даволі высокі ўзровень эканамічнага разьвіцьця. Быў вельмі адукаваны інжынэрны корпус. У нас была добрая структура прамысловасьці, найперш нашае машынабудаваньне і станкабудаваньне. Па ацэнках Гамбурскага інстытуту сусьветнай эканомікі, мы ў той час былі на ўзроўні Чэхіі. І, здавалася, 10-15 гадоў — і мы зможам адным крокам аказацца ў палітычным і эканамічным раі.
Прыкладна ў 2007 годзе мы павінны былі стаць 28-й ці 29-й зоркай на блакітным сьцягу Эўропы.
Я распрацаваў адпаведную стратэгію, якая прадугледжвала, што прыкладна ў 2005-2007 годзе мы павінны былі ўступіць і інтэгравацца ў Эўразьвяз. Я бачыў тры хвалі такога разьвіцьця падзей. Першая хваля — гэта, безумоўна, Польшча і Чэхія, другая — Прыбалтыка, трэцяя — Вугоршчына, Румынія, Баўгарыя. А вось чацьвёртай хваляй, я думаю, можа быць Беларусь.
Прыкладна ў 2007 годзе мы павінны былі стаць 28-й ці 29-й зоркай на блакітным сьцягу Эўропы. Гэта ўсё было абгрунтавана. Але каб прыйсьці да гэтага, трэба было сур’ёзна перабудаваць нашу эканоміку. І тады, у 1992-1993 гадах, выступаючы ў Празе на саміце міністраў АБСЭ, я прапанаваў стварыць Усходнеэўрапейскую эканамічную супольнасьць. Яна мусіла б аб’яднаць эканоміку Беларусі, Украіны, Расеі і Казахстану. На працягу 10-15 гадоў, разьвіваючы рынкавыя адносіны, гэтыя краіны павінны былі паступова рыхтавацца да інтэграцыі ў Эўразьвяз.
Я не адрываў Беларусь ад эканомікі Ўкраіны і Расеі. І лічыў, што мы тэарэтычна можам інтэгравацца ў гэты зьвяз толькі разам. Але гісторыя паказала, што Беларусь значна адстае ў разьвіцьці рынкавых адносінаў ня толькі ад Заходняй Эўропы, але нават ад Расеі. Мы ня сталі цывілізаваным рынкам. Нам яшчэ шмат трэба зрабіць у галіне самых розных рэформаў. Хаця ў некаторых пытаньнях, напрыклад, патэнтаў, пераходу да эўрапейскага стандарту дарог — у нас пройдзеная вялікая дыстанцыя.
Эўропе, каб уцягнуць Беларусь у арбіту свайго эканамічнага ўплыву, на трансфармацыю і рэфармацыю нашай краіны трэба было б патраціць за год каля 10 мільярдаў даляраў.
Потым я зразумеў, што нас у Эўропе ніхто не чакае. Аднойчы я вёў перамовы зь міністрам замежных спраў Даніі Пэтэрсанам, які быў тады старшынём Савету міністраў Эўразьвязу. Абмяркоўваў пытаньне, непасрэдна зьвязанае зь інтэграцыяй Беларусі ў Эўразьвяз. Але не было абсалютна ніякіх прапановаў. Было зразумела, што Эўразьвязу мы непатрэбныя. У той час ён перажываў складаныя часы. Нямеччына да канца не магла інтэграваць і пераварыць ГДР, на гэта сыходзілі дзясяткі мільярдаў даляраў.
Паводле маіх падлікаў, Эўропе, каб уцягнуць Беларусь у арбіту свайго эканамічнага ўплыву, на трансфармацыю і рэфармацыю нашай краіны трэба было б патраціць за год каля 10 мільярдаў даляраў. А гэта пры тым, што ў Эўразьвяз рыхтаваліся ўваходзіць такія бедныя краіны, як Ірляндыя і Партугалія. Я зразумеў, што іншага выйсьця, як ствараць усходнеэканамічную супольнасьць, не было.
Таму ўсе нашыя дзеяньні на працягу апошніх 25 гадоў прадыктаваныя пачуцьцём рэалізму. Нейкіх мрояў, якія ня зьдзейсьніліся, я ня бачу.
Мы зрабілі трошкі пасьпешлівы крок, будуючы так званую Саюзную дзяржаву.
Іншая справа, што мы зрабілі трошкі пасьпешлівы крок, будуючы так званую Саюзную дзяржаву. Я лічу яе дзяржавай-прывідам. Так, сёньня Расея — гэта наш самы галоўны ваенна-палітычны і эканамічны партнэр. Але паступова мы павінны пачынаць будаваць з Расеяй партнэрскія і блізкія, але пры гэтым абсалютна рынкавыя адносіны. І разглядаць Расею як нашага самага блізкага суседа, асноўнага парнтнэра, ня ўлазіць у віртуальныя саюзы. Яны могуць прывесьці да таго, што мы апынемся ня ў сфэры зацікаўленасьці, а ў сфэры ўплыву Расеі.
Прэзыдэнт Лукашэнка сёньня заяўляе, што нашая зьнешняя палітыка часамі бывае заваленая толькі на адно крыло. Гэта сьведчыць пра тое, што і цяперашняя ўлада прызнае пэўныя перагібы ў гэтым накірунку. Трэба большай збалянсаванасьці, трэба больш кідаць позірк і на Захад.
— А сёньня якой вы бачыце зьнешнепалітычную будучыню Беларусі?
— Інтэграцыя Беларусі ў Эўразьвяз сёньня не стаіць на парадку дня. Гэта нерэальна. Прыклад Украіны паказвае, што ніхто нас там не чакае. Але ў мяне ёсьць такі палітычны слоган. У 2006 годзе я меў палітычныя амбіцыі, рыхтаваўся да прэзыдэнцкай кампаніі. Я сфармуляваў такі тэзіс: «Каб ня ўсходняй, не заходняй, каб была сама сабой».
Інтэграцыя Беларусі ў Эўразьвяз сёньня не стаіць на парадку дня.
Нам ня трэба рабіць рэзкі крэн на Ўсход ці на Захад. І ў той жа час мы павінны ісьці і на ўсход, дзе нашы эканамічныя прыярытэты, і на захад, дзе ёсьць высокія стандарты палітыкі, дэмакратыі, цывілізаванага жыцьця. Гэта азначае, што мы павінны напоўніць рэальным сэнсам паняцьце шматвэктарнасьці, і не абапірацца толькі на адно крыло.
— Хіба магчыма заставацца і надалей нявызначанымі паміж Усходам і Захадам? Усе нашы суседзі такі выбар зрабілі?
— Любы палітык абапіраецца на нейкую кансалідаваную думку. Думку, якой кіруецца народ. Абсалютна зразумела, што насельніцтва прыбалтыйскіх дзяржаваў выступае за заходні вэктар разьвіцьця. Гэта эўрапейскія традыцыі. Яны знаходзіліся, як і мы, у Сярэднявеччы, ва ўлоньні эўрапейскай цывілізацыі.
Лукашэнка цалкам адлюстроўвае тое, чаго патрабуе нашае грамадзтва.
А Лукашэнка, у сваю чаргу, цалкам адлюстроўвае тое, чаго патрабуе нашае грамадзтва. Большасьць, асабліва людзі сярэдняга і сталага ўзросту, выступаюць за тое, каб у нас былі самыя цесныя стасункі з Расеяй. Але з кожным годам расьце колькасьць людзей, якія гавораць, што нам жыцьцё ў камунальнай кватэры, якой быў Савецкі Саюз, ці жыцьцё ў цесным хаўрусе з Расеяй, непатрэбнае. Кожная нацыя, кожны чалавек, хоча жыць сваім домам.