Судовы канвэер за Першамай: у Менску ўдзельнікаў акцыі пакаралі штрафамі

Акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 1 траўня

19 траўня ў менскіх судах разглядаліся новыя справы супраць удзельнікаў першатравеньскай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы.

Суд Першамайскага раёну Менску аштрафаваў старшыню руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча на 40 базавых велічыняў (920 рублёў).

Суд Маскоўскага раёну аштрафаваў на 20 базавых (460 рублёў) жонку Мікалая Статкевіча Марыну Адамовіч. Яе таксама зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 1 траўня.

Гэты ж суд пакараў штрафам у 460 рублёў сябра руху «За свабоду» Аляксея Клюшнічэнку.

Суд Фрунзенскага раёну аштрафаваў на 230 рублёў актывіста Партыі БНФ Андрэя Церашкова.

18 траўня аштрафаваная таксама актывістка Алена Талстая.

За першатравеньскую акцыю ў Менску на гэты час арыштамі і штрафамі пакараныя 10 чалавек, сярод якіх Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Максім Вінярскі, Вячаслаў Сіўчык, Леанід Кулакоў ды іншыя ўдзельнікі мітынгу, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Усяго супрацоўнікі міліцыі склалі рапарты амаль на два дзясяткі чалавек.