«Выпускаюць тых, хто ніякім чынам ня ўпісваецца ў справу, сшытую белымі ніткамі. І нават улічваючы тое, што ў дачыненьні да хлопцаў прымяняліся катаваньні ды псыхатропныя сродкі, сьледчыя органы не знаходзяць ніякіх нагодаў, каб абʼяднаць усё ў адзіную справу. Некалькі чалавек былі выпушчаныя паводле стану здароўя, і пасьля пабояў яны там ледзь не памерлі, таму іх прадбачліва выпусьцілі. Паводле нашай інфармацыі, у іх тэндэнцыя 6-7 чалавек затрымаць надоўга, а іншых, верагодна будуць патроху вызваляць», — сказаў Сяргей Чыслаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
У канфэрэнцыі па скайп-сувязі прымала ўдзел жонка аднаго з затрыманых у справе Ганна Дундукова. Яна падкрэсьліла, што нягледзячы на тое, што прайшло два месяцы ад моманту затрыманьня яе мужа, дагэтуль у яе няма магчымасьці зь ім сустрэцца.
«Мы падтрымліваем кантакт толькі праз адвакатаў і ліставаньне. У сустрэчы мне адмаўлялі невядома паводле якіх прычынаў», — паведаміла яна.
Украінскія праваабаронцы заклікалі мясцовыя СМІ больш пільна сачыць за гэтай справай у Беларусі.
«Справа „Белага легіёну“ нагадвае мне справы супраць украінцаў, адкрытых у Расеі і ў Крыме. У мяне найперш вынікае аналёгія са справаю крымскіх дывэрсантаў. Таму, калі мы хочам увагі і падтрымкі для сваіх палітвязьняў, то павінны падтрымаць і беларускіх патрыётаў», — дадала Марыя Томак, каардынатарка «Мэдыйнай ініцыятывы па правах чалавека».