Кітайскія спэцыялісты ўпершыню ў сьвеце здабылі газ з залежаў гідратаў, разьмешчаных на глыбіні ад 203 да 277 мэтраў. Дасягненьне кітайцаў мае вялікае значэньне для разьведкі і здабычы гэтых карысных выкапняў ва ўсім сьвеце. Газ з залежаў гідратаў называюць «палівам будучыні».
Навукоўцы мяркуюць, што гідрат мэтану, то бок крышталічны матэрыял, які трымае газ у замерзлай вадзе, можа ў будучыні стаць альтэрнатывай для прыроднага газу, нафты і вугалю. З аднаго кубічнага мэтра гэтай субстанцыі можна атрымаць 164 кубічныя мэтры газу.
Паводле падлікаў міністэрства энэргетыкі ЗША, энэргетычная вартасьць гідрату ў сусьветных радовішчах удвая большая, чым усіх іншых відаў выкапнёвага паліва.
Кітайскія навукоўцы абяцаюць, што за 5 гадоў яны распрацуюць тэхналёгію для камэрцыйнай здабычы гідратаў прыроднага газу.