«Слухайце прэзыдэнта». Што сказаў Макей пра мяжу з Расеяй, «Белы легіён» і разгон пратэстаў

«Незалежнасьць для нас — сьвятое. На гэтым кропка», — сказаў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Свабода сабрала самыя важныя цытаты з выступу міністра на міжнароднай канфэрэнцыі «25 гадоў замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусь».

Расейскія войскі не застануцца ў Беларусі

«Нейкія заявы, якія ня маюць грунту пад сабой, — сказаў Макей. — Чытайце і слухайце прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, які сказаў, што сувэрэнітэт, незалежнасьць для нас — гэта сьвятое. На гэтым кропка».

Памежны кантроль для беларусаў у Расеі не трагедыя

«Калі нашы грамадзяне будуць праходзіць празь міжнародныя пункты пропуску гораду Масквы ды іншых аэрапортаў Расейскай Фэдэрацыі, то я таксама ня бачу тут трагедыі. Галоўнае, каб нашы грамадзяне мелі роўныя правы з расейскімі грамадзянамі. Таму што пра гэта існуюць дамоўленасьці ў рамках Саюзнай дзяржавы».

«На канфэрэнцыю запрошаныя ўсе міністры замежных спраў Беларусі за ўсю гісторыю».

Вяртаньне мяжы з Расеяй? Паглядзім

«Паглядзім, як далей будзе разьвівацца сытуацыя», — адказаў Макей на пытаньне пра магчымае вяртаньне мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй.

Эўразьвязу далі ўсю інфармацыю пра «Белы легіён»

«Я не магу нічога сказаць наконт таго, як ідзе расьсьледаваньне ў справе „Белага легіёну“, гэта не кампэтэнцыя Міністэрства замежных спраў, — адказаў Уладзімер Макей на пытаньне Свабоды. — Але мы далі ўсю неабходную інфармацыю нашым эўрапейскім партнэрам наконт гэтага, якая існуе на сёньня. Будзем глядзець далей».

Пратэсты не душылі

«Я бы не сказаў, што было нейкае задушэньне, — сказаў Макей. — У любой сытуацыі важна мець дыялёг адзін з адным. Шчыры, адкрыты абмен думкамі. Асабліва наконт тых сур’ёзных праблемаў, якія могуць існаваць у стасунках паміж дзяржавамі. І ставіць сабе за мэту вырашыць гэтыя праблемы. Не замоўчваць, а вырашаць. Я ўпэўнены, калі мы будзем дзейнічаць у такім духу, заўжды зможам дасягнуць посьпеху».

Беларусь не спрабуе ўседзець на двух крэслах

«Нас ня раз падштурхоўвалі, каб мы зрабілі палітычны выбар: ты мусіш быць з Усходам альбо з Захадам, — сказаў міністар. — Хацеў бы зноў паўтарыць, беларускія інтарэсы не замыкаюцца на адным кірунку. А наша замежная палітыка — не вядомая спроба ўседзець на двух крэслах».

Адзіная постсавецкая краіна, дзе не было ўзброеных канфліктаў

«Мы здолелі не дапусьціць узьнікненьня хаосу, гвалту звонку, зьбераглі мір і бясьпеку, стабільнасьць у грамадзтве і дзяржаве, — сказаў Макей. — Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе не было дапушчана ўзброеных канфліктаў. Такая сытуацыя захаваецца і ў будучыні».

Беларусь адзначае 25-годзьдзе ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў з замежнымі краінамі. Экспэртная ініцыятыва «Менскі дыялёг» ладзіць міжнародную канфэрэнцыю «25 гадоў замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусь». На яе запрошаныя міністры замежных спраў за ўсю гісторыю.