Латвійскі цэнтар дасьледчай журналістыкі Re: Baltica апублікаваў сэрыю расьсьледаваньняў таго, як працуе пракрамлёўская прапаганда новага пакаленьня ў прыбалтыйскіх краінах. Згодна з аналізам Re: Baltica, сайт rubaltic.ru і два інтэрнэт-парталы, зьвязаныя з расейскім афіцыйным інфармацыйным агенцтвам «Россия сегодня», — «Спутник» і Baltnews — зьяўляюцца галоўнымі вытворцамі рускамоўнага кантэнту пра падзеі ў краінах Балтыі. Іншымі словамі, вельмі значная частка інфармацыі аб гэтым рэгіёне на расейскай мове паходзіць з пракрамлёўскіх крыніц.
Для прыкладу: у сакавіку сёлетняга году сайт Rubaltic апублікаваў нататку пад загалоўкам «Новы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў больш не фінансаваць краіны Балтыі», якую на працягу трох дзён перадрукавалі як найменш 37 рускамоўных сайтаў. Больш падрабязна пра тое, як працуюць мэханізмы расейскай прапаганды ў Балтыйскім рэгіёне, журналістцы Радыё Свабода Марыі Кугель распавяла аўтарка расьсьледаваньняў цэнтру Re: Baltica, латвійская журналістка Інга Спрыньге:
— Мы ўжо некалькі гадоў працуем над тэмай расейскай прапаганды, высьвятляем, як ідэі, якія яна распаўсюджвае, сюды пранікаюць і жывуць. Я ўбачыла, што навіны пра сямейныя каштоўнасьці, пра нібыта ўзаконеную нарвэскую пэдафілію і іншыя распаўсюджваюцца празь вельмі дзіўныя вэб-сайты, і захацела даведацца, што стаіць за гэтымі сайтамі, што за людзі іх стварылі, што яны думаюць, дзе працуюць. Убачыць, так бы мовіць, чалавечы твар прапаганды. Плацяць ім, ці яны вераць у кансьпіралягічныя тэорыі, якія распаўсюджваюць? Чаму яны пішуць усё гэта? Мы папрасілі калегаў у Латвіі, Эстоніі, Літве, Швэцыі, Вугоршчыне, Польшчы і Чэхіі дасылаць нам вэб-адрасы сайтаў антызаходняй або пракрамлёўскай накіраванасьці. Склалі вялікі сьпіс прыкладна з трохсот адрасоў. У нас быў супрацоўнік, які разьбіраецца ў інфармацыйных тэхналёгіях, і мы папрасілі яго прааналізаваць digital traсes — лічбавыя сьляды гэтых сайтаў: хто стварыў сайт, дзе ён знаходзіцца, усё, што можна аб сайце даведацца з кампутара. Калі мы ўбачылі вынікі, я зацікавілася трыма вэб-сайтамі ў Латвіі. Па-першае, гэта Vesti.lv, таму што я ведала, што гэта наш, латвійскі сайт і газэта, але на ім пісалі нават больш агрэсіўных артыкулаў, чым на парталах, пра якія мы дакладна ведалі, што яны пракрамлёўскія. Другі сайт, на якім я спынілася, быў Baltnews, таму што гэта сетка, прадстаўленая ва ўсіх трох балтыйскіх краінах. І трэці — Rubaltic.ru, які знаходзіцца ў Калінінградзе, у іх невялікі абарот, але зразумела, што там ёсьць «рускія грошы».
— З чаго вы пачалі? Зь «Вестей»?
— Так. Першае, што я зрабіла, — гэта склала сьпіс, у які ўнесла ўсіх аўтараў іх публікацый, якіх толькі змагла знайсьці, і трошкі, што пра іх ёсьць у інтэрнэце: куды яны яшчэ пішуць, зь якімі тэмамі працуюць. І, вядома, паглядзела даходы сайтаў. Я спрабавала зразумець, хто ўладальнік. Пачала размаўляць з аўтарамі, з галоўным рэдактарам.
— Што вы высьветлілі пра структуру гэтага выдавецкага дому?
Яны мяняюць кампаніі, каб не плаціць падаткі.
— Пяць ці шэсьць гадоў таму гэта было вялікае выдавецтва, якое купілі трое расейскіх мільянэраў, потым яны яго падзялілі. Зараз Эдуарду Янакову, адзінаму з трох, хто застаўся ў бізнэсе, належыць газэта «Сегодня» — былая «Вести сегодня», партал «Вести» і дадатак «Телеграф», якое лічыцца бізнэс-часопісам і якасьць якога там стараюцца ўтрымаць. Па бізнэс-рэестру цяжка зразумець, што каму належыць. Па-мойму, яны мяняюць кампаніі, каб не плаціць падаткі. За апошнія два-тры гады фірма, якой належыць газэта, ня раз мяняла ўладальніка. Кожны раз, калі ў кампаніі назапашваецца вялікі падатковы абавязак, да некалькіх сотняў тысяч эўра, яны быццам прадаюць кампанію і газэту. І я магу іх зразумець, таму што з газэтай у наш час немагчыма зарабіць сурʼёзныя грошы. Я думаю, што даход у кампаніі невялікі. Я сыходжу з таго, што самі журналісты кажуць: у іх вельмі маленькія заробкі. Калі мы, латышы-журналісты, лічым, што маленькі заробак — гэта 500 эўра, то тут мне адзін журналіст кажа: ну, калі ты можаш зарабляць 300 эўра на месяц, гэта ўжо добрыя грошы. Як на гэта можна жыць? Потым я паразмаўляла з буйнымі выдаўцамі латыскіх СМІ і спытала, ці сапраўды яны латвійскім рускім журналістам плацяць менш, і яны пацьвердзілі мне гэта.
— Гэта значыць, у холдынгах або выдавецкіх дамах, дзе ёсьць латыскія і рускія выданьні, рускія журналісты атрымліваюць менш за латышоў? З чым гэта зьвязана?
— Я думаю, што гістарычна рускія журналісты былі гатовыя працаваць за такія грошы.
— Вернемся да кантэнту, які ствараюць «Вести». Што вас зьбянтэжыла?
Яны хочуць у Эўропу, а мы ўжо жывем у Эўропе, і як жа дрэнна мы жывем.
— У асноўным зьедлівыя загалоўкі. Як яны самі потым растлумачылі: «Гэта каб нас лепш чыталі». Аднак ты можаш паставіць прывабны загаловак, але ён павінен адпавядаць зьместу артыкула. Сама газэта піша ўсё пра ўсё: як варыць пельмені, вельмі шмат гістарычных артыкулаў, прычым я сумняваюся, каб нашы латвійскія гісторыкі пагадзіліся з усімі фактамі, якія там прыводзяцца. Я размаўляла, напрыклад, з Аленай Сьлюсаравай, якая езьдзіла ў Крым і чыю камандзіроўку аплаціла расейская амбасада (Алена Сьлюсарава езьдзіла ў Крым восеньню 2014 году, і празь месяц яе звольнілі. — РС). Вельмі добра, што яна гэта паказала, тут няма праблем. Яна сама казала, што цэнзуры не было. Яна ўзяла інтэрвію ў галоўнага рэдактара адной газэты, які дзякуе Пуціну за тое, што ён іх «вызваліў», і ў казакоў, якія распавялі, што ў іх «адабралі радзіму». Бачыце, кажа Алена, мне без цэнзуры дазволілі гэта апублікаваць. Але побач з казацкімі расповедамі апублікаванае меркаваньне рэдакцыі: маўляў, паглядзіце, яны хочуць у Эўропу, а мы ўжо жывем у Эўропе, і як жа дрэнна мы жывем.
— Гэта рэдакцыйная палітыка, ці яны на самой справе ўпэўненыя, што ў Латвіі так дрэнна жыць?
— У мяне склалася адчуваньне, што журналісты «Вестей» будуць пісаць пра ўсё, за што ім будуць плаціць. Збольшага, думаю, што яны ў гэта вераць, таму што ім тут дрэнна жывецца. Але дзесьці, па-мойму, яны разумеюць, што гэта гульня, і так і ўспрымаюць гэтую працу. Калі б цяпер латвійская дзяржава замовіла ім артыкул пра тое, што ня ўсё, што адбываецца ў Крыме, добра, яны і яе апублікуюць — з агаворкай для свайго чытача, што вось, бачыце, ёсьць і такое меркаваньне. Я ня думаю, што ў гэтай газэты ёсьць рэдакцыйная палітыка, якая вызначае каштоўнасьці.
— Пяройдзем да Baltnews. Там цікавая структура.
— Гэта тры розныя кампаніі, якія працуюць, адпаведна, у Латвіі, Літве і Эстоніі. Яны нібыта не залежаць адна ад адной, пішуць нэўтральныя навіны на рускай мове пра тое, што адбываецца ў Балтыі, а таксама ў Польшчы, Нямеччыне і гэтак далей. Яны ўвесь час пазыцыянуюць сябе ў якасьці незалежных СМІ. Але эстонскія спэцслужбы ўжо ў 2014 годзе паведамлялі, што ў іх ёсьць сувязь з Russia Today. Зараз мы атрымалі канкрэтныя дакумэнты зь бізнэс-рэестру Нідэрляндаў, якія сьведчаць аб наяўнасьці ланцужка кампаній, які даходзіць да RT. Так што мы бачым, што гэтыя нібыта незалежныя СМІ дэ-факта належаць Крамлю. Але публічна, калі я размаўляла з галоўнымі рэдактарамі, яны адмаўлялі гэта, казалі, маўляў, не, мы належым галяндзкай кампаніі, навошта вы зьвязваеце нас з расійскай прапагандай?
— Яны пазыцыянуюць сябе як рускамоўнае эўрапейскае выданьне?
— Так.
— Хто туды піша?
— Напрыклад, сацыёляг Андрэй Салапенка, які жыве ў Рызе, Уладзімір Ліндэрман (у мінулым — адзін зь лідэраў Нацыянал-бальшавіцкай партыі. — РС), у Эстоніі — той жа Аляксандр Карнілаў (рэдактар Baltnews.ee. — РС), якога арыштавалі паводле абвінавачаньня ў крадзяжы грошай, прызначаных для гэтага СМІ. Працэс адбываецца ў Эстоніі, ён яшчэ ня скончаны, цяпер толькі вылучана абвінавачваньне. У эстонскай прэсе гаварылася, што з галяндзкай кампаніі былі пералічаныя грошы на рахунак арганізацыі, якая належыць галоўнаму рэдактару, і ён іх замяніў на гатоўку.
— Як выглядае «тэхналягічны працэс» у гэтых СМІ?
Яны проста засьмечваюць інтэрнэт.
— У кожнага з парталаў Baltnews ёсьць галоўны рэдактар. Мне здаецца, што гэтыя людзі стараюцца рабіць эўрапейскія паводле выглядзу СМІ. Яны прыцягваюць маладых аўтараў, пішуць, напрыклад, пра музыку, і ў гэтым няма ніякай палітыкі. Імкнуцца стварыць інфармацыйную плятформу. Ну, часам там напіша Ліндэрман або нехта іншы з падобных асоб. І гэта зьяўляецца там «для вастрыні». Але, паводле майго адчуваньня, такія прыхаваныя пракрамлёўскія СМІ, як Baltnews, ствараюцца для таго, каб яны тут былі, і, калі спатрэбіцца, прапусьціць нейкі прарасейскі мэсыдж, на Baltnews зьявіцца адзін артыкул, на «Спутнику» зьявіцца артыкул, яшчэ на нейкім маленькім невядомым вэб-сайце. Гэтыя маленькія сайты працуюць як amplifiers, узмацняльнікі. У іх саміх вельмі мала чытачоў, але такіх сайтаў вельмі шмат. Мы гэта паказалі на прыкладзе Rubaltic: адзін аўтар напісаў артыкул, і за тры дні яго перапублікавалі 37 іншых маленькіх вэб-сайтаў. Яны проста засьмечваюць інтэрнэт, і калі ты захочаш даведацца, праўда гэта альбо не, ты пойдзеш у Гугл, напішаш ключавое слова, і зьявяцца 37 вэб-сайтаў, якія скажуць табе: так, гэта праўда. Людзям вельмі цяжка ў гэтым разабрацца. Гэта адбываецца паводле таго ж прынцыпу, як шмат гадоў спансаваліся НКА, якія тут прысутнічалі, каб даносіць у патрэбны момант той мэсыдж, які патрэбны Маскве. Напрыклад, Аляксандр Гапоненка, які некалькі гадоў атрымліваў грошы ад фонду «Русский мир», калі здарыўся Майдан, выйшаў у якасьці экспэрта і сказаў, што, маўляў, тое, што адбываецца ў Крыме, добра і легальна, а на Майдане ўсе з глузду зьехалі. Цяпер гэтыя фэйкавыя экспэрты адышлі на задні плян. Але спосабы працы прапаганды Крамля ўвесь час зьмяняюцца.
— Якім чынам ажыцьцяўляецца каардынаваная дзейнасьць такіх плятформаў, калі ў іх розная структура ўласьнікаў?
— Я ведаю, што ў балтыйскім «Спутнике», да прыкладу, ёсьць супрацоўніца, якая гэтым займаецца. Я спыталася яе пра гэта ў фэйсбуку, і яна пацьвердзіла. Я мяркую, што ў Baltnews ёсьць такі ж чалавек, але ў мяне няма доказаў.
— Пяройдзем да RuBaltic.
— Там таксама ёсьць «аналітыкі» і «экспэрты», ёсьць два чалавекі з Латвіі. Гэта віртуальная рэдакцыя (у рэдакцый Baltnews, як я разумею, ёсьць усё ж нейкія офісы). Галоўны рэдактар Аляксандар Насовіч жыве ў Маскве, хтосьці ў Санкт-Пецярбургу, а хтосьці з Рыгі піша. І ў кожнага свая тэматыка. Насовіч, да прыкладу, піша пра Эўразьвяз. У яго вельмі часта ў загалоўках сустракаецца фраза «Балтыя памірае». Ён, можа быць, і сам ужо стаміўся ад гэтай тэмы. Ёсьць падставы думаць, што яны атрымліваюць грошы з расейскіх фондаў. Адзін са спосабаў — арганізацыя лягераў і навучальных курсаў. Дзе яшчэ яны бяруць грошы, яны мне не адказалі, я задала такое пытаньне. Яны, як заўсёды, абразіліся, сказаўшы, што мы — шпіёны Сораса (першапачаткова Re: Baltica фінансавалася інстытутам «Адкрытае грамадзтва». — РС) і робім тое ж самае, толькі зь іншага боку.
— Што гэта за курсы?
— Ну, моладзь яны зьбіраюць з краін Балтыі і былога Савецкага Саюзу. Мне падаліся вельмі цікавымі настаўнікі, якія на іх прыяжджаюць. Да прыкладу, Матэуш Піскорскі, польскі прарасейскі палітык, які цяпер знаходзіцца ў турме. Ён затрыманы паводле падазрэньня ў шпіянажы на карысьць Расеі.
— Супрацоўнікі гэтых СМІ лічаць, што займаюцца тым жа самым, чым і вы?
Цяжка сказаць, што гэта фэйкавыя навіны, але часта яны так закручаныя, што там застаецца толькі палова праўды.
— Так, яны лічаць, што робяць клясычную нармальную журналістыку, аналітыку. Але ёсьць адно вялікае адрозьненьне, на якое я ім паказвала: у журналістыцы ты заўсёды пытаеш меркаваньне ўсіх зьвязаных з тым ці іншым пытаньнем асоб і правяраеш факты. А калі мы чытаем іх артыкулы, там вельмі шмат дапушчэньняў. Яны называюць гэта камэнтарамі, але там мноства няслушных фактаў. Цяжка сказаць, што гэта фэйкавыя навіны, таму што яны вельмі рэдка бываюць цалкам выдуманымі. Але часта яны так закручаныя, што там застаецца толькі палова праўды.
— Гэта значыць, бяруцца факты, і на іх аснове ствараецца нейкая тэорыя змовы?
— Так.
— Але вы не дапускаеце, што ёсьць нейкая колькасьць людзей у Балтыі, якія думаюць у катэгорыях тэорыі змовы, і для іх журналістыка — гэта спосаб раскрыць гэты змова?
— Так, я мяркую, што нейкая частка журналістаў, малая частка, верыць у гэта. Але большасьць гэтых людзей, думаю, добра разумеюць, што яны робяць.