Эўразьвяз «уважліва сочыць» за справай «Белага легіёну»

Кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын

Пра гэта ў інтэрвію Tut.by сказала кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын. Яна адзначыла, што размовы зь беларускім бокам пра вяршэнства права павінны быць пацьверджаны тым, якія будуць вынікі расьсьледаваньня і судоў у гэтай справе.

Агулам Віктарын адзначыла, што разгон пратэстаў і арышты пасьля веснавых масавых акцый у Беларусі не пацягнуць за сабой нейкіх новых крокаў Эўразьвязу.

«Мы працягваем палітыку крытычнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю, і мы будзем гаварыць аб правах чалавека. Але часам гэта лепш рабіць на прамых перамовах, а не публічна», — сказала кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ.

Ніякіх новых рашэньняў і крокаў у сувязі з падзеямі вясны 2017 году ў Беларусі — разгонам пратэстаў і арыштамі апазыцыянэраў — Эўразьвяз не плянуе, пацьвердзіла Віктарын.

«Гэта азначае, што мы ўважліва сочым за сытуацыяй і рухаемся пакрокава. Існыя праекты працягваюцца. Але наша супрацоўніцтва — гэта ня толькі фінансавая падтрымка, але і агульныя каштоўнасьці. Калі мы гаворым пра вяршэнства права, я хачу бачыць, як ідуць некаторыя расьсьледаваньні, якімі будуць суды і вынікі...»

Андрэа Віктарын пацьвердзіла, што Эўразьвяз будзе ўважіва сачыць за справай «Белага легіёну».

«Напрыклад, так. І мы будзем за ёй уважліва сачыць».

У сваёй заяве ад 4 красавіка Эўразьвяз падкрэсьліў, што, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасьці праяўляць стрыманасьць, дзеяньні ўладаў Беларусі, у тым ліку «прэвэнтыўныя арышты напярэдадні і вялікая колькасьць арыштаў і затрыманьняў мірных дэманстрантаў 25 сакавіка, былі невыбіральнымі і недарэчнымі».