сабачка

Чарлз Бартан Барбэр, «У школу!»

у маіх сяброў ёсьць дзьве прыўкрасныя дачкі. абедзьве яшчэ з маленства прасілі на працягу некалькіх гадоў, каб бацькі падаравалі ім сабачку. але кожным разам сутыкаліся з жорсткаю адмоваю, без аніякіх перамоваў.

мінула колькі год, як яны, здавалася б, зьмірыліся з тым, што ў іх ня будзе сабачкі…

калі дзяўчаты пайшлі ў школу, яны назьбіралі «кішанёвых» грошай, каб набыць ашыйнік, павадок і месца для сабачкі, а таксама сухога корму.

цяпер у куточку пакоя ёсьць месца для сабачкі, ежу якому дзяўчаты мяняюць кожны дзень.

іх тата сказаў мне неяк, што лепей бы яны патрабавалі, як раней, шчанюка, чым вось гэты маўклівы рытуал.

а. і. бацкель

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org