На такую дэталь афіцыйнага візыту зьвярнулі ўвагу карыстальнікі сацсетак. Паводле праграмы, Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіць кіраўніка Сэрбіі ордэнам Дружбы народаў «за значны ўклад ва ўмацаваньне міру, сяброўскіх стасункаў і супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Сэрбіяй», паведамляе БелТА.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Томіслава Нікаліча адбудзецца 18 траўня.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведамляе, што пасьля падпісаньня міжурадавага пагадненьня пра свабодны гандаль паміж Беларусьсю і Сэрбіяй у 2009 годзе гандлёвы абарот вырас амаль у 5 разоў. Цяпер ён складае больш за 250 мільёнаў даляраў.
У студзені 2017-га стала вядома, што Беларусь перадасьць Сэрбіі два дывізіёны (12 самаходных установак) зэнітна-ракетных комплексаў «Бук» і два зьвяны (восем самалётаў) шматмэтавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня МіГ-29 з умовай, што Бялград аплаціць іх рамонт і мадэрнізацыю. Як паведаміў у ноч зь пятніцы на суботу міністар абароны Сэрбіі Зоран Джорджавіч, вярнуўшыся з паездкі ў Менск, пастаўка тэхнікі адбудзецца ў 2018 годзе.
Нікаліч ня раз публічна падтрымліваў кіраўніка Беларусі. Падчас апошняга візыту ў 2015 годзе ён рэзка крытыкаваў палітыку санкцый у дачыненьні да беларускіх уладаў.
Гэта адзін з апошніх афіцыйных візытаў Томіслава Нікаліча ў якасьці прэзыдэнта краіны. Тэрмін выкананьня ягоных абавязкаў сканчаецца 31 траўня 2017-га. Па выніках выбараў у красавіку 2017 году прэзыдэнтам Сэрбіі абраны Аляксандар Вучыч, які раней быў прэм’ер-міністрам краіны.