Размова з Ірынай Забіякай, украінскім літаратуразнаўцам і філёлягам.
РС: Уявіце сабе, што перад вамі чалавек, які нічога ня ведае пра сучасную ўкраінскую літаратуру, але ён вельмі прыхільны да літаратуры наогул і хоча прычытаць нешта цікавае, што магло б стаць пачаткам глыбейшага і даўжэйшага зацікаўленьня украінскай літаратурай і мовай. Што б вы яму параілі прачытаць у першую чаргу?
украінская паэзія выбухнула як рэакцыя на Майдан
Ірына Забіяка: Калі гаварыць пра зусім сучасную літаратуру і пазначыць яе як «літаратуру пасьля Майдану», гэта значыць, пасьля 2013 году, то абавязкова варта згадаць ўкраінскую паэзію, якая выбухнула як рэакцыя на падзеі на Майдане. Наогул паэзія ва Ўкраіне вельмі моцная і вельмі своеасаблівая. Калі хочаце пазнаёміцца з украінскай літаратурай, то без паэзіі вам не абысьціся.
Варта тут згадаць і вядомыя імёны, як, напрыклад, Сяргея Жадана, якога зборнік «Жыцьцё Марыі» наўпрост адлюстроўвае гэтыя падзеі, або Юрку Іздрыка, сучаснага жывога клясыка. Варта тут таксама сказаць і пра менш вядомых пісьменьнікаў з пакаленьня «дзьвюхтысячнікаў», то бок тых, якія дэбютавалі ў 2000-х гадах і ўжо цьвёрда стаяць на нагах, такіх як Алег Коцараў, Паўло Карабчук, Ірына Цілык, Анна Малігон.
Што тычыцца не-паэзіі, то сёньня ва Ўкраіне досыць цікавая літаратура нонфікшн, напрыклад, рэпартажы, якія спрабуюць раскрыць сапраўдную Ўкраіну, у тым ліку і для саміх украінцаў. Цікавая таксама літаратура, адрасаваная найменшым чытачам, то бок дзецям і падлеткам.
РС: А калі гаварыць пра прозу, пра раманы — украінцы пішуць раманы?
украінцы хочуць напісаць вялікі раман, які атрымае Нобэлеўскую прэмію
Ірына Забіяка: Украінцы пішуць таксама раманы і, як кожная «меншая» нацыя, хочуць напісаць вялікі раман, які атрымае Нобэлеўскую прэмію. Пакуль што так ня сталася, але з апошніх раманаў я хачу адзначыць кнігу аўтара, які дэбютаваў як паэт — «Баборня» Міраслава Лаюка. Раман выйшаў напрыканцы мінулага году. Гэта аповед пра 70-гадовую настаўніцу, якая ўсё жыцьцё прапрацавала ў школе, а цяпер стараецца знайсьці для свайго жыцьця нейкі іншы сэнс, чым той, у які яна верыла раней.
Працягваюць пісаць такія клясыкі як, напрыклад, Аксана Забужка — яе вядомы раман «Музэй пакінутых сакрэтаў» выйшаў ня так даўно, у 2008 годзе. Або такія, як Сяргей Жадан, які ў 2010 годзе выдаў раман «Варашылаўград» пра Луганск, а цяпер абяцае напісаць раман пра сучасную вайну.
РС: Паколькі вы ўпамянулі Нобэлеўскую прэмію, дык я вас запытаю: каму з украінскіх пісьменьнікаў вы далі б гэтую прэмію?
Ірына Забіяка: Гэта даволі складанае пытаньне, як і само пытаньне Нобэлеўскай прэміі і крытэрыяў, паводле якіх яе даюць. Гэтыя крытэрыі досыць неадназначныя, па-мойму, яны не выключна мастацкія, а бяруць пад увагу пэўную суму дасягненьняў асобы — то бок ня толькі тое, што гэтая асоба напісала, але і тое, што яна зрабіла і які пункт погляду на сьвет яна прэзэнтавала. На сёньняшні момант, калі выбіраць сярод украінцаў, якія актыўныя ня толькі як пісьменьнікі, але як дзеячы і выступоўцы, то я б гэтую прэмію дала Сяргею Жадану.
РС: Якія наклады кніг сучасных украінскіх аўтараў — вы гэта ведаеце?
сярэдні тыраж ўкраінскай кнігі – 1000-2000 асобнікаў
Ірына Забіяка: Гэта наогул вельмі балючае пытаньне. Зь нейкага часу выдаўцы перасталі пазначаць наклады кніг — я думаю, тут чыста камэрцыйнае пытаньне, таму што ад накладаў і прададзеных асобнікаў залежыць сыстэма падаткаабкладаньня выдавецтва. Скажам так: сярэдні тыраж ўкраінскай кнігі, не бэстсэлеру, а нармальнай кнігі — гэта 1000–2000 асобнікаў. Кніжкі Аксаны Забужкі або перакладныя кнігі вядомых замежных аўтараў выходзяць большымі накладамі, але і яны — не захмарныя: 5–10 тысяч асобнікаў.
РС: Па-вашаму, ёсьць аўтары ва Ўкраіне, друкаваньне кніг якіх рэнтабэльнае для выдаўцоў? Ці, можа, усе яны, і аўтары, і выдаўцы карыстаюцца рознымі літаратурнымі фондамі дапамогі?
яны могуць зарабляць на Куэлью і інвэставаць ва ўкраінскія праекты
Ірына Забіяка: Я думаю, што ёсьць група аўтараў, якія зарабляюць на літаратуры, але зарабляюць не выключна пісаньнем кніг, але і тым, што можна назваць літаратурнай дзейнасьцю. Гэта значыць, яны пішуць кнігі, але дадаткова яшчэ нешта перакладаюць, вядуць сваё блогі або калёнкі ў сеціве, або займаюцца нейкай калялітаратурнай дзейнасьцю. Што тычыцца саміх кніг, то я скажу, што ёсьць ужо выдаўцы, якія могуць запрапанаваць аўтару выдаць яго кнігу, падпісаць зь ім кантракт і не залежаць пры гэтым ад падтрымкі з-за мяжы ці ад нейкай іншай дапамогі. Гэта вялікія выдавецтвы, такія, прыкладам, як «Выдавецтва старога льва», «Фоліё», «КСД», якія могуць сабе дазволіць фінансаваньне пэўных кніжных праектаў. Кажучы ўмоўна, яны могуць зарабляць на кнігах Паўлу Куэлью і інвэставаць гэтыя грошы ў нейкія ўкраінскія праекты.
РС: Паводле апытаньня праведзенага летась у Польшчы, 63 адсоткі палякаў не прачыталі цягам году ніводнай кнігі. А як з чытаньнем кніг ва Ўкраіне?
Ірына Забіяка: Два гады таму і ва Ўкраіне было праведзена падобнае дасьледаваньне, вакол якога ўзьнікла вялікая дыскусія, таму што ў нас, калі помню, 45% не прачыталі ніводнай кнігі. Гэта выклікала вялікую хвалю абурэньня ў інтэлігентных колах, маўляў, Украіна дэградуе… Я думаю, што гэта прыблізна аднолькавы паказьнік у розных краінах, таму што — на жаль або на шчасьце — існуюць і іншыя мэдыі, празь якія людзі атрымліваюць інфармацыю. Жыцьцё прысьпешвае, і трэба сабе ўсьведамляць, што ня ў кожнага чалавека, які жыве гэтым хуткім тэмпам, ёсьць час для чытаньня.
РС: Ёсьць ва Ўкраіне літаратурныя часопісы? Якія зь іх па-вашаму найцікавейшыя?
Ірына Забіяка: Я не хачу сказаць, што літаратурных часопісаў ва Ўкраіне няма, але іх колькасьць, частотнасьць выхаду і, мабыць, якасьць — выклікаюць вельмі шмат нараканьняў. Я б сказала, што літаратурная крытыка і літаратура ў большай меры засяроджаныя ў інтэрнэце. Найбольшыя літаратурныя парталы — гэта «ЛітАкцэнт» і «Читомо». Што тычыцца папяровых літаратурных часопісаў, то выходзяць, вельмі нерэгулярна, «Кур’єр Кривбасу» у Крывым Розе і часопіс замежнай літаратуры «Всесвіт». Пры Суполцы пісьменьнікаў Украіны, якая зьяўляецца такім паміраючым суб’ектам, выходзяць"Літературна Україна» і «Українська літературна газета». Выходзіць таксама расейскамоўны і ўкраінскамоўны журнал «Шо», прысьвечаны літаратуры і культуры наогул, які заснавалі расейскамоўныя пісьменьнікі ва Ўкраіне…
РС: Дык вось, у сувязі з гэтай дзьвюхмоўнасьцю будзе маё апошняе пытаньне да вас. Я яго ставіў таксама тады, калі гаварыў зь Юрыем Андруховічам, Сяргеем Жаданом і Андрэем Курковым. Ці лічыце вы ўкраінскай літаратурай тое, што ва Ўкраіне пішацца па-расейску? Ці, можа, украінская літаратура — гэта толькі тое, што ствараецца на ўкраінскай мове?
украінскасьць абсалютна не вызначаецца мовай
Ірына Забіяка: Я думаю, што вельмі шмат залежыць ад самаідэнтыфікацыі аўтара, паколькі падзеі некалькіх апошніх гадоў паказалі, што ўкраінскасьць абсалютна не вызначаецца мовай. Чалавек, які размаўляе або піша на расейскай мове, цалкам можа быць украінцам. Ёсьць для гэтага некалькі цікавых прыкладаў. Напрыклад, Уладзімір Рафяенка, які паходзіць з Данецку, пісаў да гэтага часу ўсе свае тэксты на расейскай мове, а вось на кніжным фэстывалі «Арсэнал», які адбудзецца праз тыдзень у Кіеве [размова запісвалася 11 траўня — РС], ён будзе прэзэнтаваць свой раман, напісаны на ўкраінскай мове. Ён адначасова не пакідае пісаць на расейскай мове, але самаідэнтыфікуе сябе як украінскага пісьменьніка. Тое самае робіць і расейскамоўны паэт Барыс Хэрсонскі з Адэсы, які піша па-расейску, але апошнія некалькі яго кніжак выйшлі на дзьвюх мовах, ён сам сябе перакладае і яго перакладаюць, і ён адначасова існуе ў дзьвюх літаратурных працэсах, расейскамоўным і ўкраінскамоўным. То бок ня мова вызначае ўкраінскасьць або не-ўкраінскасьць пісьменьніка, а тое, як ён сам сябе пазыцыянуе.