Сяргея і Вольгу Верамеенкаў, паводле складзенага пратаколу, міліцыянты вінавацяць у правядзеньні пікетаваньня, якое выявілася ў дэманстрацыі бел-чырвона-белага сьцяга.
Сябра партыі БХД гарадзенец Сяргей Верамеенка ня ўтойвае, што разьмясьціў здымкі ў Фэйсбуку на знак салідарнасьці з Васілём Паляковым, які адбываў у Гомлі 15 содняў арышту за бел-чырвона-белы сьцяг.
Ён лічыць, што складаньне пратаколу і пагатоў прыцягненьне да адказнасьці за здымкі — загад «зьверху», як гэта некалькі гадоў таму было з горадзенскімі праваабаронцамі.
— Па-першае, фатаздымак ня можа лічыцца пікетам. Па-другое, я выкладваў фота ў Фэйсбук пасьля кампутарнай апрацоўкі і мог праводзіць іх мантаж. Міліцыянты павінны даказаць, што гэта было інакш, што я стаяў у гэтым пікеце і г.д.
Вольга Верамеенка абураная выклікам у міліцыю і складаньнем пратаколу, яна кажа, што справу міліцыянты высмакталі з пальца.
— Калі я сфатаграфую свайго ката са сьцяжком і выстаўлю ў інтэрнэт, то гэта таксама будзе лічыцца пікетам? У нашым горадзе нехта фатаграфуецца і з расейскім, і кітайскім, і польскім, і літоўскім сьцягам, то што, гэта таксама пікетаваньне? Тады паводле гэтага артыкулу можна прыцягваць кожнага турыста, які фатаграфуецца ў нашым горадзе.
Сяргей Верамеенка перакананы, што міліцыянты атрымалі чарговы загад «зьверху», каб скласьці пратаколы за здымкі.
— Яны ні пра што з намі ня хочуць гаварыць, бо выконваюць загад, а не трымаюцца законаў. Ніхто зь іх нават ня мог патлумачыць нам, што такое пікет паводле заканадаўства. Мы зачытвалі ім азначэньне з закону, і іхныя абвінавачваньні, паводле складзенага пратаколу, абсалютна не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству.
Васіль Палякоў, намесьнік старшыні гомельскай арганізацыі АГП, быў затрыманы 1 траўня за бел-чырвона-белы сьцяг, узьняты падчас мітынгу, дазволенага гарвыканкамам, і асуджаны на 15 сутак. Увесь гэты час 48-гадовы палітык трымаў галадоўку.
Гарадзенец Сяргей Верамеенка, сябра БХД, на знак салідарнасьці зь ім зрабіў здымкі зь бел-чырвона-белым сьцягам і апублікаваў іх у інтэрнэце.