Прэйгерман патлумачыў, чаму апазыцыйных палітыкаў не запрасілі на «Менскі дыялёг»

Яўген Прэйгерман

Кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман, які 18-19 траўня ладзіць міжнародную канфэрэнцыю «25 гадоў замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусь», лічыць, што апазыцыйныя палітыкі не павысяць вартасьці дыскусіяў, якія маюць адбыцца.

«Ініцыятыва паўстала два з паловай гады таму. З самага пачатку мы падкрэсьлівалі, што гэта экспэртная пляцоўка. Мы знарок хочам пазьбягаць палітызаванай дыскусіі, каб стварыць прафэсійную экспэртную дыскусію. Няхай палітыкі займаюцца сваімі справамі. Мы ўвогуле бачым праблему ў тым, што ў Беларусі да гэтага часу няма прафэсійнай экспэртнай пляцоўкі ў пытаньнях міжнародных адносін і бясьпекі ў рэгіёне. Наяўнасьць палітыкаў, які прафэсійна не займаюцца гэтымі пытаньнямі, наўрад ці павысіць вартасьць нашай дыскусіі», — сказаў Яўген Прэйгерман.

Паводле праграмы канфэрэнцыі, у ёй возьмуць удзел міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, а таксама Сяргей Рахманаў, які ўзначальвае пастаянную камісію Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. У якасьці сьпікераў заяўленыя былыя міністры замежных спраў Пятро Краўчанка, Уладзімер Сянько, Іван Антановіч і Міхаіл Хвастоў. У дыскусіі будуць удзельнічаць кіраўнік офісу АБСЭ Ганс Ёган Шміт, кіраўнікі экспэртных супольнасьцяў Дзяніс Мельянцоў, Андрэй Казакевіч, Юры Шаўцоў ды іншыя.

У пачатку тыдня стала вядома, што запрашэньні на канфэрэнцыю атрымалі Ўладзімер Някляеў і Павал Севярынец. Запрашэньні былі адпраўленыя зь «левых» электронных адрасоў, але адказ трэба было выслаць на афіцыйны адрас «Менскага форуму».

Яўген Прэйгерман лічыць, што такім чынам нехта хацеў арганізаваць мэдыйны зрыў канфэрэнцыі, бо запрошаныя з фэйкавых акаўнтаў палітыкі даведаліся, што насамрэч іх ніхто не запрашаў, і выклалі гэтую інфармацыю ў сацыяльныя сеткі, дзе яна была падхопленая СМІ.

«Праз 2 з паловай гады, як мы працуем, нехта вырашыў зрабіць скандальную сытуацыю праз рассылку з фэйкавага мэйлу. Мы пакуль дакладна ня ведаем, хто і зь якой мэтай гэта зрабіў, хоць гіпотэзы ёсьць. Будзем спадзявацца, што ўсё ж даведаемся. Агулам сытуацыя такая. Мы стваралі гэтую пляцоўку для таго, каб у ёй удзельнічалі людзі, які прафэсійна займаюцца міжнароднымі дачыненьнямі. Прафэсійна — гэта значыць ці дыпляматы, ці аналітыкі. А ў палітыкаў, якія наведваюць такія мерапрыемствы, каб рабіць палітычныя заявы, павінны прыходзіць на іншыя пляцоўкі. Нам трэба станавіцца больш прафэсійнымі. А то атрымліваецца, што на кожнае мерапрыемства — тычыцца яно культуры, міжнародных адносін ці правоў чалавека — выступаюць адны і тыя ж людзі і робяць адны і тыя ж заявы».

Прэйгерман лічыць, што мэтай фэйкавай рассылкі было сарваць канфэрэнцыю:

«Мы ўжо пачалі дэманстраваць нейкія вынікі. Я падкрэсьлю, што наша пляцоўка аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных пунктаў гледжаньня. У нас ёсьць і замежныя дыпляматы, і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, а таксама прадстаўнікі незалежнай экспэртнай супольнасьці — будуць Андрэй Казакевіч, Валер Карбалевіч, Аляксандар Класкоўскі, Андрэй Фёдараў. А ў нас хапае тых, хто не задаволены тым, што ў нас ёсьць аб’яднальныя пляцоўкі, якія не працуюць у стылі «сядзім у акопах і закідваем адзін аднаго».

Падчас канфэрэнцыі плянуецца разглядзець некалькі тэмаў, сярод якіх гісторыя замежнапалітычных дачыненьняў Беларусі, разьвіцьцё дыпляматычных адносін Беларусі, а таксама яе роля ў вырашэньні ваенна-палітычных канфліктаў у рэгіёне.

Канфэрэнцыя пройдзе ў гатэлі Double Tree by Hilton ў Менску.