Украінцы фінансуюць армію Расеі праз рэкляму ў «Одноклассниках», «ВКонтакте», Mail.ru, — мэдыяэкспэрт

  • Паўло Зубʼюк

Указам прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі тэрмінам на тры гады будуць заблякаваныя некаторыя расейскія сацыяльныя сеткі. Украінскія інтэрнэт-правайдэры павінны спыніць доступ да сэрвісаў «ВКонтакте», «Одноклассники», «Яндекс» ды іншых. Афіцыйныя старонкі самога прэзыдэнта Ўкраіны на гэтых рэсурсах таксама будуць закрытыя.

«Заклікаю ўсіх суайчыньнікаў неадкладна выйсьці з расейскіх сэрвэраў зь меркаваньняў бясьпекі», — заявіў Пятро Парашэнка. Ён удакладніў, што кібэратакі Расеі па ўсім сьвеце, у прыватнасьці нядаўнія ўмяшаньні «крамлёўскіх хакераў» у выбарчыя кампаніі ў ЗША і Францыі, паказваюць, што прыйшоў час дзейнічаць больш рашуча.

Ці справакуе ўказ прэзыдэнта незадавальненьне ва ўкраінскім грамадзтве? Аўдыторыя расейскіх сацыяльных сетак ва Ўкраіне налічвае мільёны карыстальнікаў, блякаваньне адчуецца ў значнай ступені.

Сваім пунктам гледжаньня на праблему са Свабодай падзяліўся Віталь Мароз — украінскі экспэрт у інфармацыйных тэхналёгіях, кіраўнік праграмаў новых мэдыя «Інтерньюз Україна».

— Віталь, што зьменіцца ў сувязі з прэзыдэнцкім указам наконт абмежаваньня доступу да расейскіх сацыяльных сетак?

— Гэты ўказ можна разглядаць у кантэксьце інфармацыйнай агрэсіі Расеі, перадусім агрэсіі на Данбасе. Мне здаецца, гэта можа быць гульня на апярэджваньне, каб ударыць па расейскім бізнэсе. Усе тыя кампаніі, якія працуюць ва Ўкраіне, — гэта расейскія грошы, якія легальна зарабляюцца на нашай тэрыторыі. Паколькі гэты ўказ мае тэрмін дзеяньня (тры гады), гэта як сыгналь для Расеі: памяншаеце абароты вашай агрэсіі, трымаецеся менскіх дамоўленасьцяў — і мы падумаем, ці вярнуць усё назад, ці даць расейскаму бізнэсу магчымасьць працаваць тут.

Віталь Мароз

Але ёсьць і другі бок — доступ да тых рэсурсаў, якімі мільёны ўкраінцаў прывыклі карыстацца. Была вельмі эмацыйная рэакцыя ў грамадзтве, але канчатковыя кропкі над «і» яшчэ нельга ставіць, бо няма адказу на пытаньне: ці існуюць фізычныя магчымасьці для правайдэраў блякаваць усе гэтыя сайты? Хутчэй за ўсё, абмежаваць інтэрнэт ва Ўкраіне вельмі цяжка — і гэта вынік свабоднага разьвіцьця інтэрнэт-тэхналогіяў на працягу апошніх 20 гадоў. Таму казаць, што праз пару месяцаў ніхто ня зможа мець доступ да расейскіх сэрвісаў, сацыяльных сетак , занадта рана.

— Чаму так? У Расеі можна заблякаваць, у Беларусі можна. Чым адрозьніваюцца інтэрнэт-правайдэры ва Ўкраіне?

— І ў Расеі, і ў Беларусі ўсё цэнтралізавана. У Беларусі «Белтэлекам» кантралюе ўсё. У Расеі працуе «Роскомнадзор», які выбудаваў цэлую інфраструктуру блякаваньня інтэрнэту. Ва Ўкраіне 140 інтэрнэт-правайдэраў, у кожнага ёсьць сваё меркаваньне: наколькі яны гатовыя ігнараваць уладу, наколькі будуць інвэставаць у абсталяваньне. На самой справе для ўсіх зьменаў патрэбныя фінансавыя рэсурсы. І няма нейкага кансалідаванага цэнтру прыняцьця рашэньняў ва ўкраінскім сэктары інтэрнэту. Гэта абсалютна розныя гульцы. Усе бачылі, як некаторыя зь іх закрывалі расейскія каналы ў лічбавых ТБ-пакетах, а некаторыя пакідалі. У нас нічога не праходзіць на загад, мы зьяўляемся закладнікамі таго, што ва Ўкраіне свабодна развіваўся інтэрнэт на працягу ўсяго апошняга часу.

— Ці можна разьлічваць, што СБУ будзе прыходзіць да правайдэраў і пытацца: чаму ад вас да гэтага часу можна зайсьці на «ВКонтакте» або на «Одноклассники»?

— Закон не забараняе карыстацца расейскімі сацыяльнымі сеткамі. СБУ раней дала заключэньне, што функцыянаваньне расейскіх сацыяльных сетак і сэрвісаў не зьяўляецца супрацьзаконным. Уводзяцца санкцыі на расейскія кампаніі. Гэта значыць, ніхто ня будзе караць спажыўцоў за тое, што яны праз ананімайзэры, праз VPN заходзяць на расейскія сэрвісы. Насамрэч карыстаньне гэтымі сэрвісамі застаецца легальным. Проста будзе абмежаваны доступ да кампаніяў, якія трапілі пад санкцыйны сьпіс. Мы, напрыклад, ня можам карыстацца паслугамі расейскіх інтэрнэт-кампаніяў, паколькі яны пад санкцыямі. То бок, сытуацыя крыху складанейшая, чым можа здацца на першы погляд. І трэба глядзець, ці гэта частка адказу ўраду на агрэсію Расеі.

— Ёсьць такое меркаваньне, што гэта «пробны каменьчык». Ці можна пад гэтую марку заблякаваць і іншыя рэсурсы, якія не падабаюцца ўладзе? Пра журналісцкія расьсьледаваньні, напрыклад...

— Насамрэч грамадзянская супольнасьць ва Ўкраіне здольная націснуць на любую ўладу — ня важна, Парашэнка гэта ці Януковіч. Украінцам ня варта баяцца: рэпрэсіі, прамалінейная цэнзура ва Ўкраіне не спрацуе. Мы на іншым узроўні разьвіцьця, чым Беларусь і Расея, у сэнсе палітычных свабодаў. Любыя такія рашэньні — так, яны назіраюць, якая будзе рэакцыя. А рэакцыя неадназначная: многія экспэрты выступаюць супраць расейскіх сэрвісаў, кажуць што блякаваньне трэба было ўводзіць яшчэ ў 2014 годзе: вайна ідзе тры гады, а яны працуюць. І калі падыходзіць з пункту гледжаньня, што ўкраінцы фінансуюць армію Расеі праз рэкляму, якую падаюць «ВКонтакте», Mail.ru і «Одноклассниках», тут ёсьць сэнс.

Зь іншага боку — свабода інтэрнэту. Гэта не расейскія тэлеканалы, якія можна проста адключыць за прапаганду. Тут дзейнічаюць іншыя прынцыпы.

Згодна з папярэднімі падлікамі інтэрнэт-асацыяцыі Ўкраіны, для поўнага блякаваньня расейскіх сайтаў і сацыяльных сетак спатрэбіцца каля двух гадоў і 1 мільярда даляраў выдаткаў.