Паводле Сяргея Верамеенкі, два міліцыянты прыйшлі да яго дадому амаль а дзясятай вечара з тым, каб спытаць яго пра апублікаваныя ў «Фэйсбуку» здымкі, дзе ён і ягоная жонка стаяць з нацыянальным сьцягам, а над імі надпіс: «У Гародні такія самыя, як Васіль». Другі здымак падпісаны «Такі самы, як Васіль!!!»
— Я адказаў міліцыянтам, што размаўляць зь імі ні пра што ня буду. Тады яны кінулі ў паштовую скрыню позву, каб я раніцай 17-га траўня зьявіўся ў пастарунак для правядзеньня апытаньня. Мяне гэта вельмі зьдзівіла — няўжо я нешта парушыў, апублікаваўшы свае здымкі ў «Фэйсбуку»?
Верамеенка сказаў Свабодзе, што найперш зьбіраецца раніцай патэлефанаваць у пастарунак, каб высьветліць, чаго насамрэч ад яго хочуць у міліцыі.
Васіль Палякоў — намесьнік старшыні гомельскай арганізацыі АГП. Ён быў затрыманы 1 траўня за бела-чырвона-белы сьцяг, узьняты падчас мітынгу, які быў дазволены гарвыканкамам, і асуджаны на 15 сутак. Увесь гэты час 48-гадовы палітык трымаў галадоўку.
Гарадзенец Сяргей Верамеенка на знак салідарнасьці зь ім зрабіў здымкі з бела-чырвона-белым сьцягам і апублікаваў іх у інтэрнэце.