У Нясьвіжы за самавольнае будаўніцтва сядзібы КДБ пакаралі будаўнікоў

Краязнаўца, публіцыст і эколяг Валерый Дранчук зьвярнуўся да старшыні Менаблвыканкама Сямёна Шапіры з заклікам спыніць у зоне гістарычнай забудовы Нясьвіжа будаўніцтва адміністрацыйнага будынка.

У ім мяркуецца разьмясьціць Нясьвіжскае міжраённае аддзяленьне ўпраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласьці.

Дранчук паведаміў БелаПАН, што новы будынак узводзяць практычна насупраць Слуцкай брамы — на вуліцы Сыракомлі каля трох дамоў былога пасёлка лясьніцтва, прызнаных гісторыка-культурнай каштоўнасьцю пачатку XX стагодзьдзя.

Будаўнічыя работы пачаліся ў красавіку мінулага года. Прызначэньне будынка, паводле слоў краязнаўцы, «доўгі час было закансьпіраванае», хаця людзі ведалі, што «гэта КДБ будуецца». Як сьцьвярджае Дранчук, пашпарт абʼекта зьявіўся толькі ў студзені гэтага года, праз восем месяцаў з пачатку будаўніцтва, і толькі пасьля ўмяшаньня — зь яго падачы — дэпартамэнта кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Менскай вобласьці.

«На працягу гэтых васьмі месяцаў будаўніцтва вялося самавольна, хоць пра яго ведалі мясцовыя ўлады, сам старшыня выканкама, бо ён жыве непадалёк, езьдзіць міма гэтага месца кожны дзень, — адзначыў Дранчук. — Раённая пракуратура парушэньняў не знайшла, але пасьля майго звароту ў абласную пракуратуру правялі яшчэ адну праверку, мне адказалі: сапраўды, увесь гэты час будаўніцтва вялося без дазволу адпаведных органаў. За гэта пакаралі людзей з Гарадзейскай ПМК. Пакаралі, праўда, абсалютна фармальна».

Дранчук настойвае як мінімум на зьмене прызначэньня новабудоўлі. Ён перакананы, што ў гэтым гістарычным месцы «ня толькі КДБ, наогул ніякіх адміністрацый быць не павінна».