Актывіст ініцыятывы «Эўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі па выхадзе на волю 16 траўня сказаў, што санітарны стан турмы на Акрэсьціна стаў значна горшы.
«Асноўная частка тых, з кім я дзяліў камэру, — асобы, якія знаходзяцца на найніжэйшай ступені сацыяльнага забесьпячэньня. Усё, што гэта суправаджае, там ёсьць».
Першыя пяць сутак Максім Вінярскі меў магчымасьць пісаць заявы і скаргі, а пасьля ў яго забралі паперу і асадкі.
«Я скардзіўся на тое, што людзі, хоць іх і лічаць бамжамі, вымушаныя спаць без матрасаў, на голых жалезных кратах. На гэта не зьвярталі ўвагі, але проста адабралі ў мяне ўсе, чым і на чым можна пісаць. Таксама забіралі асадкі і паперу зь перадач. Ніякіх адказаў, на пытаньні, чаму кіраўніцтва турмы так сябе паводзіць, я не атрымаў. Магчыма, мне цяпер давядзецца атрымліваць гэтыя адказы ў санстанцыі», — сказаў Вінярскі.
Актывіст заявіў, што трымаў галадоўку ў знак нязгоды са сваім прысудам.
«Усе 15 дзён я трымаў галадоўку. Толькі сёньня, перад самым выхадам, пачаў піць сок і мінэральную ваду. Кіраўніцтва рабіла выгляд, што не заўважае маёй галадоўкі, праўда, з 12 траўня пачалі прысылаць лекара, каб праверыў стан майго здароўя».
Вінярскі сказаў, што адчувае сябе нармальна, гэта ня першая яго галадоўка ў турме.
«Крыўдна толькі, што давялося лепшыя веснавыя дні правесьці за кратамі невядома з-за чаго».
Максім Вінярскі быў затрыманы пасьля несанкцыянаванай акцыі 1 траўня ў Менску. Суд Цэнтральнага раёну прысудзіў яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту.